Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк звяруўся да міністра Навумава
Берасцейскі актывіст руху “За свабоду”, юрыст-праваабаронца Раман Кісляк накіраваў заяву міністру ўнутраных спраў РБ Уладзіміру Навумаву, у якой паведаміў аб дыскрымінацыі па прызнаку пола, якой падвяргаліся жанчыны ў розны час (з 2001 па 2007 год), што ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрымання горада Берасця.
Справа ў тым, што ў ізалятары часовага ўтрымання няма персанала жаночага полу. Абслугоўваюць ізалятар выключна мужчыны.
Жанчыны, якія падвергліся дыскрымінацыі пад час утрымання ў ізалятары, звярталі на гэта ўвагу кіраўніцтва Ленінскага РАУС Берасця. Але атрымалі незадавальняючыя іх адказы аб тым, што выкарыстанне жаночага персанала ў ІЧУ не прадугледжана штатным раскладам.
Для вывучэння маштаба дадзенай праблемы Раман Кісляк просіць міністра Навумава прадаставіць пісьмовую інфармацыю пра колькасць у Беларусі ІЧУ, у якіх не працуюць жанчыны ў якасці персанала – дзяжурных, паставых, канваіраў, міліцыянераў.
Зыходзячы з арт.6 Дэкларацыі ААН ён мае права дабываць і ведаць гэтую інфармацыю, якую праваабаронца намераны выкарыстаць у праваабарончай кампаніі па ліквідацыі дыскрымінацыі па прызнаку пола ў ІЧУ.