viasna on patreon

Інтэрнэт-сайт “Мартыралог Беларусі” папоўніцца 50 тысячамі новых імёнаў рэпрэсаваных

2005 2005-07-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У хуткім часе на інтэрнэт-старонцы “Мартыралёг Беларусі” зьявяцца больш чым 50 тысячаў імёнаў людзей, рэпрэсаваных у Менску ў часы кіраваньня Іосіфа Сталіна. Гэтыя сьпісы былі атрыманыя ў супрацоўніка КГБ, і цяпер стваральнікі сайту “Мартыралёг Беларусі” рыхтуюць іх для выстаўленьня ў інтэрнэт. Сайт зьявіўся ў сеціве летась у кастрычніку. Гэтая старонка апавядае пра злачынствы і ахвяраў камунізму ў Беларусі ў 20-ым стагодзьдзі. На сайце выстаўленыя больш за 6 тысячаў імёнаў рэпрэсаваных жыхароў Беларусі і некалькі соцень імёнаў карнікаў, некалькі дзесяткаў архіўных фатаграфій з Курапатаў, а таксама кнігі пра гісторыю палітычных рэпрэсій ў Беларусі.

Новыя сьпісы рэпрэсаваных былі здабытыя з архіваў КГБ. Каардынатар “Мартыралёгу Беларусі” Сяргей Дубавец рассказаў Радыё Свабода: “Усе ведаюць, што ў Беларусі архівы КГБ, датычныя сталінскіх рэпрэсій, закрытыя, і вось сёлета ўзімку цалкам выпадкова на рынку ўдалося ў супрацоўніка КГБ набыць сьпіс, дакладней гэта ня сьпіс, а такі матэрыял з біяграфіямі больш чым 50 тысячаў рэпрэсаваных паводле палітычных матываў за часамі Сталіна – рэпрэсаваных менавіта ў Менску менскім КГБ. Умова прадаўца была – не канкрэтызаваць гэтую зьдзелку. Зразумела, што ён рызыкуе. Я спраўджваў гэты сьпіс па канкрэтных асобах. Не па вядомых асобах, а па звычайных людзях, сваяках рэпрэсаваных, і ўсё супадае. Таму гэта сапраўдны сьпіс”.

Падрыхтоўка і выстаўленьне ўсіх гэтых біяграфій у інтэрнэт вымагае вялікай працы. Публікацыя на сайце www.martyraloh.org пачнецца ў верасьні. Штомесяц будуць зьяўляцца па 2-3 тысячы біяграфіяў рэпрэсаваных. Прынцып “Мартыралёгу Беларусі” -- выставіць максымальную колькасьць біяграфіяў рэпрэсаваных людзей з тым, каб інтэрнэтныя “шукалкі” адгукаліся на прозьвішчы з гэтых сьпісаў.Такім чынам нехта можа набраць сваё ўласнае прозьвішча, напрыклад, у www.google.com, і яму адкрыецца, скажам, біяграфія ўласнага дзеда, рэпрэсаванага пры Сталіне.

Апошнім часам у Беларусі адбываецца рэабілітацыя гэтага дыктатара, у той час, як тэма палітычных рэпрэсій амаль не ўздымаецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Менавіта таму праца ў гэтым накірунку набывае яшчэ больш істотнае і карыснае значэньне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства