Удзельнікі акцыі салідарнасьці правялі вечар у пастарунку
Супрацоўнікі міліцыі Маскоўскага раёну Менску вечарам 28 кастрычніка затрымалі чатырох удзельнікаў акцыі салідарнасьці з арыштаваным актывістам кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Аляксандрам Баразенкам.
Паплечнікаў Аляксандра: Максіма Вінярскага, Паліну Дзьякаву, Міхася Кандрашова і актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Маладая Беларусь” Уладзімера Сяргеева даставілі ў міліцыю й каля паловы на дзясятую адпусьцілі без складаньня пратаколу.
Удзельнікі акцыі сталі каля сьцяны сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага з запаленымі сьвечкамі ў руках. Адзін з затрыманых, Уладзімер Сяргееў, сам праходзіў па “справе 14-ці” і быў пакараны штрафам у тры з паловай мільёны рублёў. Яго, як і іншых удзельнікаў працэсу, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў падчас акцый прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня.