viasna on patreon

Маладафронтавец Дубскі папрасіў прытулку ва Ўкраіне

2008 2008-10-17T09:01:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Фігурант «Працэсу чатырнаццаці» Арцём Дубскі папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Супраць хлопца была заведзеная крымінальная справа артыкуле 415 УК РБ (Ухіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі).

Такая самая справа летась была заведзеная супраць Артура Фінькевіча, тады маладзён атрымаў паўтара году зьняволеньня.

Нагадаем, што Арцём Дубскі быў абвінавачаны ў парушэньні грамадзкага парадку 10 студзеня. Судзьдзя Цэнтральнага раёну сталіцы Алена Ільіна вынесла хлопцу пакараньне ў выглядзе двух гадоў абмежаваньня волі, без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня. З моманту суду хлопец уладкаваўся на працу ў родных Асіповічах, зарабляў па наборах і раздрукоўках тэкстаў.

У пачатку жніўня супраць Дубскага ўжо спрабавалі завесьці другую крымінальную справу за мяхлярства. Нібыта хлопец падмануў тэлефоннага апэратара на некалькі мільёнаў рублёў. Арцёма нават пратрымалі трое сутак у сьледчым ізалятары. Аднак далей гэтая справа разьвіцьця не атрымала.

Новае абвінавачваньне супраць Дубскага грунтуецца на трох парушэньнях, якія нібыта зьдзейсьніў хлопец. Першае — міліцыянты, якія ажыцьцяўляюць нагляд, прыйшлі дадому да Дубскага, абвінавацілі яго ў тым, што ён п’яны, завезьлі на мэдычны агляд. Аналіз крыві паказаў, што хлопец цьвярозы, аднак пратакол быў складзены. Другое — сястра Дубскага прымусіла міліцыянтаў зьняць абутак, перад тым як заходзіць у кватэру. Складзены пратакол паводле якога хлопец не пускаў людзей у форме да сябе. Трэцяе — пратакол за адмову правесьці праверку заплечніка. Сам Дубскі кажа, што ніводнае з запісаных яму парушэньняў на справе ня мела месца.

6 кастрычніка, калі хлопец зьявіўся ў міліцыі для штотыднёвага адзначэньня, яму паведамілі, што супраць яго заведзеная крымінальная справа. «Далі азнаёміцца зь нейкімі дакумэнтамі, каб я падпісаў, што згодны. Паведамілі, што суд адбудзецца праз два‑тры тыдні. У той самы дзень сабраў рэчы, і накіраваўся ў Гомель. Ад 7 кастрычніка я знаходжуся ў Кіеве», — кажа А. Дубскі.

Хлопец гаворыць, што першыя дні жыў у пастара Яраслава Лукасіка, які летась быў дэпартаваны зь Беларусі. Цяпер здымае жыльлё ў 25 кілямэтрах ад украінскай сталіцы, шукае працу. Ён ужо падаў дакумэнты на атрыманьне палітычнага прытулку.

«Вяртаньне ў Беларусь для мяне будзе магчымае толькі пры зьмене ўлады. Тут таксама хапае працы. Цяпер вось буду рыхтаваць зьезд «Маладога фронту», — гаворыць Арцём.

Дубскі ня першы фігурант «Працэсу 14‑і», які зьехаў з краіны. Тацяна Цішкевіч зьехала ў Польшчу па праграме Каліноўскага, цяпер дзяўчына навучаецца ва Ўроцлаве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства