Стартавала кампанія «Будзьма!». БАЖ далучаецца да ініцыятывы
Сярод ініцыятараў кампаніі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Таварыства аховы помнікаў, суполка «Пагоня», грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» і іншыя.
Як паведамілі арганізатары кампаніі на прэс-канферэнцыі, што абдылася ў фальварку «Добрыя мыслі», галоўная ідэя ініцыятывы, у якой «не будзе канца», — стварыць «падмурак для аб’яднання нацыі» на культурнай глебе.
«Працэс кансалідацыі грамадства з тым ці іншым поспехам прайшоў на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюзу, але ў Беларусі да гэтага часу ніхто не здолеў аб’яднаць беларусаў ці хаця б прапанаваць глебу для аб’яднання. На нашу думку, аб’яднаць беларусаў можна на глебе павагі да сябе, сваёй мовы, культуры, на глебе любові да гісторыі», — адзначыла падчас прэс-канферэнцыі каардынатар кампаніі «Будзьма!» Алена Макоўская.
Кожная з арганізацый, якія сталі ініцыятарамі кампаніі, не адзін год працуе ў сферы культуры, таму «Будзьма!» — гэта ўзор кансалідацыі беларусаў.
«Кампанія адкрытая, да яе можа далучыцца кожны — як грамадская арганізацыя, так і асобныя людзі. Мы хочам, каб усе ўсвядомілі, што беларуская культура, беларуская літаратура — гэта сучасна, гэта модна, гэта перспектыўна», — падкрэсліла Алена Макоўская.
«Які б ні быў зменлівы свет, ва ўсе часы найбольш цэніцца самабытнасць, пачуццё ўласнай годнасці і яснае бачанне перспектывы. Напрацягу шматлікіх стагоддзяў наша грамадства дзялілі па палітычных прыкметах, матэрыяльным стане і інш. Відавочна, што былі спробы аб’яднаць наша грамадства, але ў большасці выпадках яны грунтаваліся на палітычнай глебе і, можа, з гэтай прычыны і цярпелі паразу. Мы ўсё больш пераконваемся ў тым, што аб’яднаць людзей краіны могуць не часовые інтарэсы, а тое, што можна з ўсёй адказнасцю назваць словам „вечнае“», — патлумачыла Ніна Шыдлоўская, яшчэ адна каардынатарка кампаніі.
З 1 кастрычніка таксама распачаў сваю работу сайт кампаніі «Будзьма!» — budzma.org. Па задумцы ініцыятараў, сайт павінен стаць агульнабеларускай пляцоўкай, грамадскім дзённікам, які можа пісаць кожны.
Як распавёў на прэзентацыі сайту яго каардынатар, журналіст Севярын Квяткоўскі, сайт павінен стаць «скарбонкай беларускіх інтарэсаў». Да стварэння яго кантэнту можа далучыцца кожны, хто працуе ў галіне культуры альбо цікавіцца ёю. Тэматыка тэсктаў неабмежаваная — навіны, афіша, грамадства, культура, гісторыя.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і медыя-кампанія «Журналісты за гістарычную спадчыну» spadchyna.ximik.info далучаюцца да ініцыятывы «Будзьма!» у якасці інфармацыйнага партнёра.