Яшчэ аднаго актывіста дапыталі ў віцебскім КДБ
Па справе “лістоў ад РНЕ” на допыт у абласную ўправу КДБ сёньня выклікалі сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку.
Яго распытвалі наконт лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”, якія ён атрымаў паўгода таму. Такія самыя лісты разам зь ім атрымалі аднапартыйцы Ян Дзяржаўцаў і Ян Таўпыга, а таксама віцебскі актывіст Барыс Хамайда. У гэтых допісах аўтары абяцалі адпомсьціць апазыцыянэрам за дзейнасьць “Мірона”.
На працягу 2006-2007 гадоў лісты ад “РНЕ” атрымлівалі былы рэдактар газэты “Витебский курьер” Уладзімер Базан, былая старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская – у лістах да іх былі пагрозы за апазыцыйныя палітычныя погляды. Загадчыца літаратурнай часткай тэатру “Лялька” Вікторыя Дашкевіч атрымала ліст з патрабаваньнем перакласьці беларускамоўны рэпэртуар тэатру на расейскую мову.
20 траўня гэтага году па фактах зьяўленьня ў Віцебску лістоў ад імя прафашыстоўскай арганізацыі КДБ узбудзіў крымінальную справу. Апрача тых, хто атрымаў лісты, па гэтай справе быў дапытаны і праваабаронца Леанід Сьвецік. Яго выклікалі на допыт 23 траўня пасьля 9-гадзінавага ператрусу ў ягонай кватэры, падчас якога супрацоўнікі КДБ забралі ў праваабаронцы аргтэхніку, друкаваныя выданьні і нават чыстую паперу.
Леанід Сьвецік кансультаваў тых, хто атрымаў допісы ад імя “РНЕ”, – дапамагаў ім складаць заявы ў пракуратуру, каб адпаведныя структуры заняліся пошукам тых, хто пагражае жыхарам Віцебску ад імя мясцовай філіі не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “Русское Национальное Единство”.