Штрафы маладафронтаўцам Салаўёвай і Круткіну прызнаныя супрацьзаконнымі
Як даведалася кіраўніца Полацкай філіі Маладога Фронту Кацярына Салаўёва, ёй і моладзеваму актывісту Алесю Круткіну ня прыйдзецца аплочваць штрафы ў 30 базавых велічынь, якімі іх пакаралі 20 траўня ў Вушачах за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных па арт. 22.9 КаАП РБ.
Калі Кася Салаўёва прыехала ў Вушачы за пастановаю суду, ёй паведамілі, што рашэньне судзьдзі скасоўваецца на падставе таго, што адміністрацыйныя пратаколы складалі не міліцыянты, а кіраўніца ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму Вольга Карчэўская, што забаронена законам. Такім чынам, пратаколы ня могуць лічыццца сапраўднымі, паведаміла прэс-служба МФ.
Па звьвестках "Радыё Рацыі", учора полацкія міліцыянты перад пачаткам акцыі, прысьвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей, затрымалі і пратрымалі пэўны час у пастарунку яшчэ аднаго маладафронтаўца Міколу Дзямідзенку. Дарэчы, пазаўчора ў Дземідзенкі людзі ў форме гвалтам адабралі сьцяг Еўрасаюзу, які ён узняў над сьвяткаваўшымі Дзень горада чыноўнікамі і натоўпам.