viasna on patreon

Падсудны дабіваўся сабе найбольшага пакараньня

2008 2008-05-30T14:52:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адзін з мэтадаў дабраахвотнага лячэньня наркаманіі – патрапіць за краты. Юнак з Магілёву, які залежыў ад наркотыкаў, у судзе прасіў даць яму як мага большы тэрмін.

Жыцьцё 22-гадовага Ігара рэзка зьмянілася яшчэ ў 2007 годзе, калі ягоныя сябры прапанавалі паспрабаваць наркотыкі. Залежнасьць хутка пачала разьвівацца. Неўзабаве, у стане наркатычнага ап’яненьня, ён падпаліў суседзкі дом, і ў жніўні 2007 года быў асуджаны на пяць месяцаў так званай "хіміі". Паралельна праходзіў лячэньне ў Менскім наркалягічным дыспансэры. Аднак гэта яму не дапамагала. Залежнасьць ад наркотыкаў – рэч вельмі складаная. Па словах ўрачоў, шанцаў вылечыць залежнасьць ад ужываньня мэтадону амаль аніякіх.

Юнаку было вельмі цяжка. Ён неаднойчы зьвяртаўся да адміністрацыі ВУАТ-43, каб яго пасадзілі, бо вылечыцца, нават з мэдычнай дапамогай, гэтак і ня мог. Па матэрыялах справы, з 13 верасня мінулага году, асуджаны спэцыяльна парушаў рэжым абмежаваньня волі, каб патрапіць за краты.

У зале суду бяз слёзаў не абышлося – маці ўвесь час плакала і прасіла зьмягчыць пакараньне. Па яе словах, наркаманія – гэта хвароба, цяжар якой больш адбіваецца на маці. Аднак сын у апошнім слове прасіў прызначыць як мага большае пакараньне, каб болей не быць залежным ад наркотыкаў. У выніку яму далі тры гады...

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства