Крымінальная справа супраць гомельскага маладафронтаўца спыненая
Кіраўнік Гомельскай філіі "Маладога Фронту" Андрусь Цянюта атрымаў паведамленьне за подпісам сьледчага гомельскага аддзела КДБ Сідлярова Д.В, што адноўленая восеньню крымінальная справа па арт. 193.1 КК РБ, канчаткова спыненая. Рашэньне грунтуецца на ч.1 арт.259 УПК, якое прадугледжвае задавальненьне хадайніцтва падазронага ў крымінальным злачынстве.
Нагадаем, прыкладна месяц назад Андрусь Цянюта накіраваў скаргу старшыні беларускага КДБ Ю. Жадобіну з патрабаваньнем спыніць незаконны крымінальны перасьлед ці перадаць справу ў суд. Гэтае хадайніцтва перанакіравалі ў Гомельскую пракуратуру, дзе яно і было задаволена. Акрамя гэтага, Андрусю будзе вернута ўся канфіскаваная маёмасьць.
Андрусь кажа, што такім чынам улады працягваюць іграць у “грашовую” гульню з Захадам: “Пасьля жудасных, вельмі жорсткіх прысудаў Сяргею Парсюкевічу і Андрэю Кіму беларускаму рэжыму трэба прадэманстраваць, што яны не забыліся на “лібералізацыю” і зноў рабяць “станоўчы” крок насустрач. Але гэты крок, безумоўна, нельга параўноваць з тымі злачынствамі, якія зараз зьдзяйсьняе дыктатура”.
Трэба адзначыць, што абвінавачаныя па гэтай жа крымінальнай справе Кірыл Атаманчык і Арсень Ягорчанка яшчэ знаходзяцца ў стане падазроных.