viasna on patreon

На "працэс 14-ці" прыйшлі актывісты БРСМ (аднаўляецца)

2008 2008-04-18T11:00:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mh600.jpg
Палітвязень Андрэй Кім

Палітвязень Андрэй Кім

12.25 Адвакаты выказалі абурэньне тым, што відэаматэрыялы паказваюцца ў выглядзе кліпаў: з купюрамі, з пропускамі ў адлюстраваньні падзей па некалькі хвілін і нават пераблытанымі па часе эпізодамі.

12.30 Судзьдзя выдаліла з залы падсудную Тацяну Цішкевіч.

12.15 Пасьля паказу ў відэаматэрыялах эпізоду, калі міліцыя 10 студзеня на плошчы Незалежнасьці скіравала на дэманстрантаў з двух бакоў 2 аўтобусы, падсудныя выступілі з заявай, у якой назвалі дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ “стварэньнем пагрозы для жыцьця грамадзян”.

11.45
На відэа відаць, як на плошчы Незалежнасьці спэцназаўцы заклікалі людзей разысьціся і праз хвіліну пасьля гэтага пачалі разгон, хоць, паводле абвінавачаных, добра ведалі, што людзі зьбіраліся разысьціся самі.

11.30
На відэа відаць, што супрацоўнікі ДАІ загадваюць кіроўцам машын рухацца на дэманстрантаў на праспэкце, відаць, як маршрутны аўтобус заехаў у натоўп. Адна і тая ж машына хуткай дапамогі праехала на месцы падзеяў 4 разы.

11.20
Пад час паказу эпізоду падзеяў на плошчы Незалежнасьці чуваць, што людзі крычаць “Работу! Сідорскі!” І відаць, як Кім залез на слуп. Кім прызнаў, што ён гэта зрабіў, адвакат кажа, што “знаходжаньне на слупе ў віну не ставіцца”. Пад час прагляду відэа адвакаты робяць заўвагі з унясеньнем у судовы пратакол. На здымках, прадстаўленых БТ, відаць, што аўтобусы і машыны хуткай дапамогі маглі вольна рухацца

11.00
Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў пра падзеі 10 студзеня. Адвакаты заўважылі, што на іх няма таймэру, і што відэа падаецца з купюрамі. На стужцы відаць, што праспэкт Незалежнасьці 10 студзеня перакрыла міліцыя, а не дэманстранты.

10.45 Судзьдзя адмовілася выдаліць актывістаў БРСМ з залі. Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў пра падзеі 21 студзеня. На відэазапісе бачна, як міліцыянты б’юць Андрэя Кіма, як пацярпелы міліцыянт Юры Сычоў на справе сам схапіў Кіма за валасы і плячо і адшпурнуў у натоўп. У запаволеным паказе відэа таксама бачна, што міліцыянта Сычова ўдарыў іншы міліцыянт.
Сычоў заявіў, што момант удару Кіма не зьняты

10.35 Працэс аднавіўся. Пацярпелы міліцыянт Юры Сычоў папрасіў разглядаць справу без ягонай прысутнасьці. Судзьдзя адмовіла. Назіральнікі мяркуюць, што ён захваляваўся з-за таго, што працэс зацягваецца і зьявіліся супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкаў, і ён зрабіў гэта каб пазьбегнуць далейшых пытаньняў. У пачатку працэсу выступіў Андрэй Кім і сказаў, што ён хрысьціянін, жыве паводле слова Божага, што ён не мог ударыць.

Заля пасяджэньняў суду Цэнтральнага раёну Менску напоўненая, у яе ўвайшлі падсудныя, іх родныя, моладзевыя актывісты, палітыкі Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.


10.10 Некаторыя з моладзевых актывістаў апранулі майкі з надпісам “Свабоду Кіму!”. Тры заднія лаўку занялі актывісты БРСМ – іх каля 20 чалавек.

Ля будынку суду знаходзіцца каля 20 чалавек.. Да іх выйшаў міліцыянт, заявіў, што ў залі месцаў няма, заклікаў разыходзіцца і папярэдзіў пра адміністратыўную адказнасьць за несанкцыянаваную масавую акцыю. Падсудныя патрабуюць, каб сяброў пусьцілі ў залю.

Нагадаем, 14 маладых людзей абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца 10 студзеня пад час акцыі прадпрымальнікаў. Андрэя Кіма трымаюць пад вартай. Яго абвінавачваюць у пагрозе міліцыянту, калі быў разгон акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. У справе дапыталі сьведак з боку абвінавачаньня і азнаёміліся зь пісьмовымі матэрыяламі крымінальнай справы. Сёньня будуць праглядаць відэаматэрыялы акцыі.

Цяпер судзяць дзесяць чалавек, а яшчэ чатырох – Паўла Вінаградава, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку і Міхаіла Субача – будуць судзіць пазьней, бо яны своечасова не азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства