viasna on patreon

У Менску працягваецца "Працэс 14-ці"

2008 2008-04-17T13:35:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

15.15 Судзьдзя не разглядала хадайніцтвы аб допыце сьведкаў з боку абароны. Судзьдзя прызнала, што Белтэлерадыёкампанія прадстаўляла свае відэматэрыялы ў КДБ.

15.05
Судзьдзя зачытвае адміністрацыйныя пратаколы за 10-га студзеня.

14.50
Сьведка Андрэй Шарамет, супрацоўнік ДАІ, заявіў у судзе, што “хуткую” прапускалі.

14.20
Паседжаньне аднавілася. Дапытваюць супрацоўніка ДАІ Аляксандра Субача. Сьведка Аляксандар Субач на пытаньні, зададзеныя па-беларуску, адказваў па-беларуску, але судзьдзя загадала яму гаварыць па-расейску. Сьведка сказаў, што яго ніхто ня біў, што дэманстранты не займалі усё палосы Праспэкту незалежнасьці.

 14.05 “Супрацоўнік ДАІ ня ведае назоваў вуліцаў, дзе праходзіла шэсьце. Сьведкі блытаюцца, хто дзе стаяў і куды ішоў, адзін другому супярэчаць. Адзін са сьведкаў-міліцыянтаў кажа, што бачыў гэтых маладых людзей у калёне. Яго пытаюцца, дзе вы ў той час знаходзіліся? Ён адказвае: “Кіраваў машынай ДАІ, якая ехала наперадзе калёны”. Відавочна, што сьведкі падрыхтаваныя і апрацаваныя.” – кажа кіраўніца Камітэту падтрымкі рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей.

14.00 “Яны зрабілі з учорашняга паседжаньня. Прыходзяць сьведкі з ДАІ і канкрэтна паказваць пальцамі на маладых людзей. Але яны ня могуць цямна патлумачыць, што яны рабілі Бачна ўжо зараз, што суд стаіць на баку папярэдняга сьледзтва”, - мяркуе адвакат Ігар Рынкевіч.

13.58 “Людзей, якіх сёньня судзяць, судзяць за салідарнасьць. Яны прыйшлі падтрымаць акцыю прадпрымальнікаў. І зараз мая грамадзянская і асабістая пазыцыя – быць з побач зь людзьмі, якія былі з намі ў нашую цяжкую хвіліну”, - заявіў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка.

13.57 “І я і Кася Салаўёва таксама прайшлі праз суд. Таму мне не абыякава, што людзей судзяць ні за што. Вось і прыехала падтрымаць іх”, - сказала моладзевая актывіста Наста Палажанкка.

“Я ведаю, што толькі еднасьць і салідарнасьць дапамогуць нам выстаяць у нашай барацьбе. Таму ўлада зараз і баіцца менавіта нашай еднасьці”, - перакананая Кася Салаўёва.

“Настрой у нас добры. Мы перакананыя, што не зважаючы на любы вырак, Беларусь рухаецца да адраджэньня, да пераменаў. Гэтыя перамены ўжо насьпелі і сёньняшні судовы працэс – таму сьведчаньне”, - так лічыць лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч.

13.55 “Пакуль апытваюць сьведкаў з боку абвінавачваньня. Тое, што апыталі ўжо чалавек 20 чалавек не выключае, што прыцягнуць яшчэ 20. Ёсьць і пазытыўныя сьведчаньні. 5 гадзінаў, нібыта, адбываліся масавыя беспадаркі, а ніякіх пацярпелых няма. А назвалі ўсё гэта вакханаліяй.... У той дзень на каток на Кастрычніцкай плошчы адмыслова прывезьлі дзяцей. Пытаюся: “Ці былі нейкія цяжкасьці з прывозам і адвозам дзяцей?” Кажуць: “Не, не было”. Што з гэта за масавыя беспарадкі, калі іх дзеці не заўважаюць?” – заявіў “Свабодзе” Алесь Стральцоў.

13.40
“10 судзеня некаторымі афіцэрамі ДАІ была спроба стварыць яшчэ адзін жывы шчыт. У паказаньнях сьведкаў праходзіць адна думка: калі акцыя была несанкцыянаваная, то і мы дзейнічалі адпаведна інструкцыі. Гэта значыць: людзі самі па сабе, рух транспарту – сам па сабе. У іх тады не было прадугледжана перакрываць рух транспарту. Нічога не было зроблена, каб гарантаваць бясьпеку грамадзянаў. Невядома, хто з нас вінаваты”, - мяркуе ўдзельнік працэсу Міхал Пашкевіч.

13.25 “Самае галоўнае ўражаньне – сьведка Падбярозкін. Паводзіў сябе вельмі нахабна. Самая нахабная хлусьня! Былі бачныя нэгатыўныя адносіны да нас і да падзеяў 10 студзеня. Абурэньні выклікалі выказваньні Падбярозкіна пра тое, што ад нас несла перагарам. Гэтыя словы нічым не пацьвярджаюцца. Напэўна, у нас будзе хадайніцтва, каб яго прыцягнулі да адказнасьці за ілжэсьведчаньне”, - падзяліўся ўражаньнямі ад суду адзін з падсудных Уладзімер Сяргееў.

 

13.01 Абвясьцілі перапынак.

13.00
Падбярозкін сказаў, што Антон Койпіш штурхаў яго, а А.Кім паводзіў сябе агрэсіўна. “Ад Койпіша даносіўся пах алькаголю з поласьці роту”.

12.50
Супрацоўнікі ДАІ кажуць, што дэманстранты іх білі па нагах.

12.45 Пядбярозкін
заявіў, што шырыня калёны была 12 м, даўжыня – 50 м. Сказаў, што дэманстранты былі п’яныя. Назваў акцыю “вакханаліяй”.

12.30
Сьведка Максім Падбярозкін, намесьнік кіраўніка ДАІ Менску, апазнаў падсудных Койпіша, Бондара, Цішкевіч і іншых (усяго 6) ды заявіў у судзе, што яны разам з Кімам удзельнічалі ў беспарадках. Падбярозкін сказаў, што Тацяна Цішкевіч ішла ў авангардзе, штурхала супрацоўнікаў міліцыі.

12.10
Прадстаўнік Менсктрансу Аляксандар Радзевіч заявіў у судзе, што адбыўся збой руху транспарту, асобныя аўтобусы накіроўваліся па іншых вуліцах.

11.50 Супрацоўнік Ігар Дзеравянка заявіў у судзе, што дэманстранты перакрылі праспэкт Незалежнасьці, білі міліцыянтаў, але хуткую прапускалі.

11.40
Сьведка Абрамаў заявіў у судзе, што дэманстранты не прапускалі хуткую дапамогу.

Таксама Абрамаў сказаў, што дэманстранты перакрывалі праспэкт Пераможцаў. (nn.by)

11.26 Пачаўся допыт сьведкаў. Першы - супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Абрамаў.

11:25 Судзьдзя папярэдзіла, што ў выпадку спазьненьня абвінавачаных яны будуць пакараныя за непавагу да суду.

11.24
У калідорах суду застаецца каля 15 чалавек, якім не хапіла месца ў залі. Пра гэта паведамілі Кацярына Салаўёва і Наста Палажанка, якія выйшлі з будынку на вуліцу.

11.22 Да будынку суду са спазьненьнем прыйшоў лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі. Усяго пад сьценамі суду знаходзяцца 10 актывістаў і 8 міліцыянтаў.

11.20
Пачаўся судовы працэс.

11.15 У калідоры суду – новыя сьведкі-міліцыянты. Прыйшлі і тыя сьведкі, якіх апыталі ўчора. Усяго сьведкаў-міліцыянтаў каля 20. Пытаньне пра сьведкаў з боку абароны дагэтуль ня вырашанае. Падсудныя сядзяць на першай лаве. Андрэй Кім – у клетцы.

11.05 Міліцыянты не прапусьцілі двух чалавек. У тым ліку актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука. “Яны праверылі мой пашпарт, рэчы, забралі хустачкі з сымболікай Маладога фронту, паводзілі сябе зьдзекліва. Насьміхаліся і ўрэшце не пусьцілі ў суд”,-- паведаміў "Свабодзе" З. Хведарук.

11.00 Усе зайшлі ў будынак суду.Спэцназ міліцыі пагадзіўся прапусьціць групу падтрымкі.

10.55 Міліцыя адмаўляецца прапусьціць у залю прыкладна 20 чалавек. Адміністрацыя суду прыняла рашэньне, што спачатку ў залю зойдуць падсудныя, а пасьля тых, хто прыйшоў іх падтрымаць. Але падсудныя, як і раней, адмаўляюцца ўваходзіць у будынак суду. Іх угаворвае спэцназ міліцыі.

10.40 Усе падсудныя адмаўляюцца заходзіць у судовую залю, пакуль міліцыя не ўпусьціць туды тых, хто прыйшоў падтрымаць іх.

10.35 У судовую залю пачалі прапускаць падсудных, адвакатаў, бацькоў і журналістаў.

10.25 Прывезьлі Андрэя Кіма. Ля будынку суду – Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Анатоль Шумчанка. Тут знаходзіцца прыкладна 20 чалавек.

10.15 Людзей ў будынак суду пакуль не пускаюць. Частка людзей прайшла ў двор суду, частка – стаіць ля брамы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства