Аліеву і Напорку аштрафавалі за распаўсюд газэт
24 сакавіка ў Ленінскім судзе Менску адбыўся суд над дэмакратычнымі актывісткамі Марыяй Аліевай і Аленай Напоркай, затрыманымі 22 сакавіка ў мікрараёне Серабранка. Жанчын абвінавацілі ў распаўсюджваньні газэты “Вольная Серабранка”, у якой зьмяшчаецца інфармацыя пра рыхтаванае шэсьце на Дзень Волі. Справу Алены Напоркі разглядаў судзьдзя Ігар Германовіч, справу Марыі Аліевай – судзьдзя Міхаіл Хома.
Абедзьвюх жанчын прызналі віноўнымі па ч.1 арт.23.34 КаАП РБ ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і пакаралі грашовым штрафам памерам у 10 базавых велічынь кожную. Марыя Аліева і Алена Напорка сваёй віны не прызналі.
Жанчын абараняла адвакатка Мар'яна Сямяшка. Актывісткі лічаць, што яна выканала сваю працу бездакорна.
Пасьля затрыманьня ў суботу Аліева і Напорка два дні правялі ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Жанчыны расцанілі прысуд як добры знак напярэдадні Дня Волі.