viasna on patreon

Журналісцкая адукацыя – толькі пасля псіхалагічнага сумоўя

2008 2008-02-13T15:26:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На спецыяльнасці «журналістыка» і «міжнародная журналістыка» ў ВНУ цяпер нельга будзе паступіць без папярэдняга сумоўя. Гэта вынікае з прэзідэнцкага ўказу № 70 ад 8 лютага, паводле якога пералічаныя спецыяльнасці трапілі ў лік тых, да якіх «прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні». У новым дакуменце гаворка вядзецца аб «прафесійна-псіхалагічным сумоўі» альбо «тэставанні ў ВНУ».

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч у інтэрв’ю сённяшняй «Советской Белоруссии» ацаніў змяненні як «своечасовы ход». Па яго словах, раней «за тэстамі мы нярэдка «гублялі» рэальнага чалавека, яго імкненні, жаданні, здольнасці», а цяпер сумоўе дазволіць вызначыць, «ці гатовы абітурыент да будучай прафесіі». Адным словам, рэзюмуе «СБ», цяпер «в вузы и ссузы смогут поступить самые одаренные и подготовленные молодые люди».

Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, прафесар Міхаіл Пастухоў мае іншае меркаванне на гэты конт: «Безумоўна, такая павышаная ўвага ўладаў да спецыяльнасці «журналістыка» не з’яўляецца выпадковай. Дадатковы кантроль за адборам абітурыентаў прывядзе да таго, што праходзіць на гэтую спецыяльнасць будуць далёка не ўсе, хто жадае, а толькі абітурыенты з нейкімі рэкамендацыямі — перш за ўсё, відаць, ад органаў улады», — лічыць М.Пастухоў.

На думку юрыста, гэтае новаўвядзенне «сур’ёзна абмяжуе права грамадзян на атрыманне адукацыі ў адпаведнасці са сваім прызваннем і жаданнем». «Цяпер гэтага, аказваецца, недастаткова — трэба яшчэ атрымаць папярэдні дазвол на атрыманне адукацыі. Гэта ніяк не спалучаецца з еўрапейскімі стандартамі свабоднай адукацыі», — упэўнены М. Пастухоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства