Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Руху “За Свабоду”
У Вярхоўным судзе адбыліся слуханні па скарзе аргкамітэта ПАГА “Рух “За Свабоду”. Рашэнне Мінюста аб нерэгістрацыі аб’яднання пакінута без зменаў.
Суддзя Ганна Сакалоўская прыняла рашэнне пакінуць скаргу заснавальнікаў ПАГА “Рух “За Свабоду” без задавальнення. Яна грунтавалася на артыкуле 15 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, дзе пералічаны падставы для адмовы ў рэгістрацыі. Судзя заявіла, што не было заяўкі і дазволу на масавае мерапрыемства, падчас якога адбыўся ўстаноўчы сход. Такім чынам Вярхоўны суд цалкам прыняў бок прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Аляксея Печкурова.
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, ты не менш, адчувае за сабой маральную перамогу.
― Мы не сумняваліся, што незалежную арганізацыю зноў не зарэгіструюць, але мы імкнемся дзейнічаць легальна, ў межах Закону і выкарыстоўваем усе патэнцыйныя магчымасці дзеля гэтага. Нашыя грамадскія прадстаўнікі прадэманстравалі ўсю абсурднасць абвінавачванняў Мінюсту. Рашэнне суду ніякага дачынення да заканадаўства не мае і цалкам заснавана на палітычнай мэтазгоднасці. Мяркую, гэта разумелі і суддзя, і прадстаўнік Мінюсту, і пракурор. Ім напэўна было сорамна. Таму мы адчуваем за сабой маральную перамогу, ― каментуе вынікі судовага паседжання Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч таксама паведаміў, што дзяржава ўжо шмат гадоў мэтанакіравана ліквідуе грамадзянскую супольнасць у краіне. Аднак Рух будзе і надалей ажыццяўляць захады па рэгістрацыі аб’яднання.