viasna on patreon

Жыхар Гомеля Сяргей Сямёнаў дамогся справядлівасці ў Вярхоўным Судзе

2007 2007-11-19T12:37:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/srth.jpg

Згодна пастанове, папярэднія рашэнні ніжэйшых судовых інстанцый адмяняюцца, а дзяржаўная мытня абавязуецца выплаціць маладзёну суму ўтрыманага штрафу.

У афіцыйнай пастанове, якую гамяльчук Сяргей Сямёнаў атрымаў па пошце, пазначана, што судовы вырак суддзі Цэнтральнага раёна Марыны Дамненкі адмяняецца. Дадзенае рашэнне абгрунтаванае тым, што, па – першае, пры перасячэнні мяжы ў грамадзяніна Сямёнава не мелася тавараў, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню. Па – другое, з матэрыялаў справы вынікае, што грамадскі актывіст не адмаўляўся запоўніць бланк мытнай дэкларацыі, а прасіў прадаставіць яму беларускамоўную версію дакумента. Усе гэтыя факты дазволілі Вярхоўнаму Суду прызнаць пастанову раённага суда незаконнай, а гомельскую мытню абавязаць вярнуць грошы, утрыманыя быццам бы за адміністратыўнае правапарушэнне.

У бліжэйшы час Сямёнаў збіраецца звярнуцца ў Міністэрства Юстыцыі, каб праверыць прафесійную адпаведнасць суддзі Марыны Дамненкі службовай пасадзе.

Нагадаем, 30 жніўня бягучага года на падставе рашэння суддзі Марыны Дамненкі грамадзянін Сямёнаў атрымаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў нібыта за адмову падпарадкоўвацца законным патрабаванням супрацоўнікаў мытнага органа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства