14 лістапада Вярхоўны суд не задаволіў скаргу СЛС на рашэньне Мін’юсту
Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч — адзін з шасьці актывістаў, якія падалі скаргу на Міністэрства юстыцыі.
Судовае рашэньне ён называе “традыцыйным” і зьвяртае ўвагу на тое, што суд зьвярнуў увагу не на сутнасьць справы, а на яе “тэхнічна-артаграфічнае афармленьне”:
“У прынцыпе да чаго зьвёўся суд — да таго, каб удакладніць, дзе кропка ня там стаіць, дзе коска... І прадстаўнік Мін’юсту, і, у прынцыпе, суд як бы таксама разглядалі гэтыя пытаньні як сутнасныя. Але ж сутнасьць зусім ня ў гэтым. Пытаньне зусім іншае, а менавіта: чаму ўжо другі раз не рэгіструюць “Саюзу левых партыяў”? Так і хочацца задаць пытаньне прадстаўніку Міністэрства юстыцыі: колькі апазыцыйных партыяў, колькі партыйных саюзаў зарэгістравалі за апошнія дзесяць гадоў? Альбо ці была зарэгістраваная хоць адна апазыцыйная партыя цягам апошніх пяці-сямі гадоў? І тут адказ будзе такі — не было. Вось так працуе Міністэрства юстыцыі. Таму я ня бачу, што ў бліжэйшай пэрспэктыве будуць зарэгістраваныя нейкія палітычныя партыі, якія выступаюць нават ня ў жорсткай форме апанэнтамі рэжыму. Як ня будуць зарэгістраваныя і саюзы партыяў. Вось у чым уся праблема”.
Стваральнікі “Саюзу левых партыяў”, якім Міністэрства юстыцыі ўжо двойчы адмовіла ў рэгістрацыі, будуць і надалей абскарджваць рашэньне Мін’юсту.
"Хаця ўчорашняе рашэньне Вярхоўнага суду Беларусі, які заняў бок Мін’юсту, нельга абскарджваць касацыйна, мы маем намер абскардзіць яго ў наглядным парадку ў старшыні Вярхоўнага суду. Калі ж і гэты крок не дасьць пазытыўнага выніку, зьвернемся у Камітэт ў правах чалавека ААН”, – завіў А.Ляўковіч.
Ён дадаў: “Адмова ў рэгістрацыі “Саюзу” ня спыніць нашай актыўнай дзейнасьці на левым флянгу палітычнага поля Беларусі”.