viasna on patreon

Помста кіраўніцтва дзяржкантролю прадпрымальніку 3 мільёны 100 тысяч рублёў

2007 2007-11-06T15:02:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёння Маладзечненскі раённы суд вынес прысуд мясцоваму прадпрымальніку Мікалаю Апяцёнку, які ўжо доўгія гады шукае праўду ў барацьбе з раённым дзяржкантролем.

Яшчэ тры гады назад прадпрымальнік дапамог, каб у прэсе з’явілася інфармацыя аб тым, як начальніца Маладзечненскага дзяржкантролю Дзіна Громава будуе шыкоўную кватэру ў цэнтры горада абсалютна бясплатна. Так бы мовіць, “падарунак” да свайго 50-годдзя.

Скандал, які падняўся пасля гэтага, дайшоў да таго, што Громаву пазбавілі прывабнага жылля. З тых часоў, лічыць Апяцёнак, мясцовы дзяржкантроль і распачаў “паляванне” за ім.

Летам гэтага года адзін з магазінаў прадпрымальніка правяралі ў чарговы раз. Праверылі, знайшлі нейкія дробязныя парушэнні, бывае... Але ўжо на другі дзень два спецыялісты, якія праводзілі праверку, напісалі дакладную, што Апяцёнак кідаўся на іх з нажом.

Нягледзячы на тое, што ніякіх сведкаў так званага здарэння не было, а больш за дзесяць сведкаў-работнікаў магазіна паказалі, што ўсё было спакойна, суд вырашыў паверыць сведчанням менавіта двух работнікаў дзяржкантролю.

Артыкулам, па якім абвінавачваўся прадпрымальнік, таму пагражала да 5 гадоў зняволення. Суд быў вельмі “літасцівы” – прысудзіў толькі 100 базавых велічынь штрафа (3 мільёны 100 тысяч беларускіх рублёў).

“Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час абласны суд вымушанаы будзе разглядаць нашу касацыйную скаргу па гэтай справе, - паведаміў пасля вынясення прысуда карэспандэнту Пагоні Мікалай Апяцёнак. – Чаму я павінен нешта плаціць, калі нічога не здзяйсняў? Усё гэта помства...”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства