Моладзевага актывіста Андрэя Цянюту прымусілі прайсьці псіхіятрычную экспертызу
25 кастрычніка Андрэя Цянюту выклікалі ў мясцовае КДБ па крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт", па якой актывіст праходзіць падазраваным. Адкуль яго адвезлі ў псіхіятрычны шпіталь пад Гомелем на псіхіятрычную эксьпертызу. Вызваліўся актывіст толькі ўвечары, за гэты час яго нават не напаілі гарбатай. Вынікі эксьпертызы будуць вядомыя на наступным тыдні.
Як распавёў Радыё Рацыі сам Андрэй Цянюта, агляд (ці допыт?) вялі два пісхіятры і сьледчы абласной управы КДБ Дзьмітрый Седляроў: "Пытаньні былі дзіўныя - пра сям'ю, вучобу, вольны час... Давалі рашаць арыфметычныя задачкі, сьмешныя".
Напрыканцы размовы сьледчы нагадаў пра здарэньне з актывісткай Крысьцінай Шацікавай, якую ўвесну гвалтоўна ўтрымлівалі ў псіхіятрычнай лячэбніцы Магілёва, і паабяцаў днямі наведаць кватэру маладзёна.