viasna on patreon

Улады заняліся замежнымі ксяндзамі і місіянэрамі

2007 2007-09-18T15:30:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыня камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што на пачатку 2008 году будзе падрыхтавана новая рэдакцыя Палажэньня аб парадку запрашэньня ў Беларусь замежных грамадзянаў для занятку рэлігійнай дзейнасьцю. Паводле агенцтва БЕЛТА, кампэтэнтныя дзяржаўныя органы атрымаюць права без тлумачэньняў адмаўляць замежным сьвятарам ці прапаведнікам ва ўезьдзе ў Беларусь.

Гэтая заява была зроблена ў Бабруйску ў часе абмеркаваньня этна-канфэсійнай сытуацыі ў Беларусі. У Камітэце у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў адмовіліся ад камэнтароў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ўсе законы павінны удасканальвацца, таму й рыхтуюцца зьмены. Начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў Аляксандар Калінаў сказаў: “Гэта пастанова Савету міністраў. Была старая пастанова аб парадку запрашэньня сьвятароў і іх дзейнасьці на тэрыторыі краіны. Цяпер зьмены нейкія туды ўносяць. І ўсё. Пакуль не прынятыя. Калі будзе прынята, тады і можна будзе нешта камэнтаваць”.

Прадстаўнік Беларускага Экзархату праваслаўнай царквы Андрэй Алежка мяркуе, што плянаваныя зьмены ў парадку дзейнасьці замежных сьвятароў і місіянэраў выкліканы меркаваньнямі дзяржаўнай бясьпекі: “Хутчэй за ўсё тут нейкія меркаваньні, якія датычацца больш дзяржаўнай бясьпекі. Я маю на ўвазе, калі нехта замест рэлігійнай дзейнасьці займаецца палітычнай дзейнасьцю. Такія прыклады былі. Я думаю, што якраз на гэты момант можа зьвяртаць сваю ўвагу дзяржава”.

Аднак на практыцы ужо й цяпер замежныя місіянэры, сьвятары і гуманітарныя працаўнікі цярпелі ад створаных уладамі перашкодаў. Пра гэта гаворыцца і ў нядаўняй справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Замежнікаў дэпартоўвалі з Беларусі і адмаўлялі ў выдачы візаў. Паводле беларускіх праваабаронцаў, за год краіну вымушаны былі пакінуць больш за 25 замежных сьвятароў і місіянэраў.

Нядаўна з Гарадзеншчыны мусілі зьехаць сем ксяндзоў і пяць сясьцёр-законьніц. Пора тое як гэта тлумачылі ўлады, распавядае парафіянка адной з грамад, адкуль зьехаў замежны ксёндз, Ірына Селіневіч: “Яны лічаць, што ўжо хопіць сваіх. Столькі гадоў працуе тут гарадзенская сэмінарыя. Ужо пінская пачынае патроху выпускаць сьвятароў. І шкада, бо некаторыя зь іх па 18 гадоў тут працавалі і больш, тут касьцёл падымалі.

Вядома, што ўсе сьвятары з часам выедуць, якія прыяжджаюць з Польшчы ці з-за мяжы, бо будуць свае. Але, каб свае гэтыя падрасьлі, трэба таксама крышачку часу ім даць. Застаецца яшчэ такая сытуацыя, што ў нядзелю сьвятар павінен па некалькіх парафіях адразу праехаць, каб імшу нядзельную адправіць”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўмовы для дзейнасьці розных канфэсій у Беларусі адрозьніваюцца. Ён згадвае пра дамовы аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і праваслаўнай царквой: “Я гэта расцэньваю як жаданьне стварэньня манаполіі аднаго рэлігійнага культу адносна іншых. Я думаю, зацікаўленыя і дзяржава, і праваслаўная царква ў нераспаўсюдзе іншых рэлігійных культаў на тэрыторыі Беларусі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства