У Гародні павіншавалі адзінага першакласніка, які выказаў жаданне вучыцца па-беларуску.
Першакласніка СШ №32 Кірыла Ерашкевіча, на першым яго школьным уроку наведалі кіраўнік Гарадзенскай гарадской рады Таварыства Беларускай Мовы, прафесар ГрДУ Аляксей Пяткевіч і старшыня гарадской арганізацыі Таварыства Беларускай Школы Таццяна Канопкіна.
Ва ўрачыстай атмасферы Кірыл атрымаў ад іх падарунак - альбом “Спадчына Беларусі”. Хлочык з’яўляецца адзіным першакласнікам у Гродна, бацькі якога пажадалі, каб іх сын навучаўся па-беларуску, перадае Радыё Рацыя.
Мара хлопчыка і бацькоў пакуль не здзейснілася, і вучыцца ён будзе ў рускамоўным класе. Як патлумачыла кіраўніцтва СШ №32, для фармавання беларускамоўнага класа неабходна не менш 10 вучняў. Адміністрацыя навучальнай установы атрымала толькі адну заяву – ад бацькоў Кірыла.
Адзначэнне ўзнагародай Кірыла стала лагічным працягам інфармацыйнай кампаніі “Запішы дзіця ў беларускі клас”, якую ў траўні бягучага года распачаў Гарадзенскі рух “За свабоду”.
Улады Гродна далі дазвол на стварэнне ў горадзе першых беларускіх класаў, але самі фактычна сабатавалі ўласнае рашэнне. Аднак, прадстаўнікі некаторых школьных адміністрацый прыхільна паставіліся да гэтай ідэі. У прыватнасці, класныя кіраўнікі школы № 32 праводзілі з гэтай нагоды бацькоўскія сходы, а адміністрацыя гімназіі №6 спрабавала стварыць беларускамоўны клас на базе некалькіх школ.
Сярод галоўных накірункаў кампаніі “Запішы дзіця ў беларускі клас” - праца з бацькамі, бо на думку грамадскіх актывістаў менавіта свядомы выбар беларускамоўнага навучання з боку бацькоў і стане падмуркам для стварэння беларускіх класаў у Гродна.