Суд над Іванам Шылам адбудзецца 4 верасьня
4-га верасьня а 10-й гадзіне ў судзе Салігорску распачнецца разгляд крымінальнай справы сябра Маладога фронту Івана Шылы. Пра гэта карэспандэнту belpa паведаміў сам моладзевы актывіст. Шаснаццацігадовага Івана Шылу абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ).
Суд прызначыў пачатак разгляду крымінальнае справы непаўнагадовага юнака акурат на той жа дзень і ў той жа час, калі ў Нясьвіжы пачнецца слуханьне справы яшчэ адной маладафронтаўкі Насты Азаркі, якую таксама абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пакараньне ў выпадку прызнаньня віны абвінавачаных можа быць у выглядзе ў тым ліку й пазбаўленьня волі.
Прызначэньне пачатку судовых працэсаў на адзін дзень і час, хутчэй за ўсё, не выпадковае й зьвязана з мэтаю “распыліць” высілкі прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, які зьбіраюцца прысутнічаць на судовых паседжаньнях.
Цяпер застаецца невядомай толькі дата пачатку працэсу над актывістам Маладога Фронту з Баранавічаў Яраславам Грышчэням, але ня выключана, што, як і ў выпадку са згаданымі працэсамі, слуханьне справы будзе прызначана на той жа самы час.
Цяпер усе тры фігуранты будучых крымінальных працэсаў знаходзяцца пад падпіскаю аб нявыезьдзе.