Кіраўнік Шклоўскай суполкі партыі БНФ А.Фёдараў застанецца ў турме
Старшыня Шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандар Фёдараў застанецца ў турме – прынамсі, да сканчэньня сьледзтва. Пракурор Шклоўскага раёну Ігар Сьніткоў не задаволіў хадайніцтва адваката пра вызваленьне шклоўскага палітыка пад падпіску пра нявыезд.
Аляксандру Фёдараву інкрымінуюць парушэньне працэдуры выплат заробку. Ён, нібыта, выплачваў заробак падстаўным асобам. Калі віна Фёдарава будзе даказана, яму пагражае да шасьці гадоў няволі з канфіскацыяй маёмасьці. Да арышту спадар Фёдараў працаваў майстрам на дзьвюх кацельнях у Шклове.
Спадара Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня. Першую ноч зьняволеньня палітык правёў у шпіталі – здарыўся сардэчны прыступ. Цяпер Аляксандар Фёдарава ўтрымліваюць у магілёўскім сьледчым ізалятары.
Адвакат Фёдарава паведаміў “Свабодзе”, што будзе далей дамагацца вызваленьня свайго падабароннага з-пад варты.
Жонка Аляксандра Фёдарава Вольга бачылася з мужам тройчы – калі яго з Магілёву прывозілі ў Шклоў на допыты. Яна спадзяецца, што пакараньне мужа абмяжуюць “хіміяй”. У мужаву вінаватасьць Вольга ня верыць.
Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў адмову пракурора вызваліць Фёдарава з-пад варты разглядае як асабістую непрыязнасьць чыноўніка да грамадзкага актывіста.
“Гэткія асаблівыя адносіны пачаліся яшчэ ў 2001 годзе. За часам прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Фёдараў актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі незалежнага назіраньня. А ўладам гэта дужа не падабалася. Выходзіць: звычайная чалавечая помста, выкарыстаньне ўладных паўнамоцтваў адносна канкрэтнага чалавека. На гэтых дробязях некаторыя людзі хочуць паказаць, што прадстаўнікі апазыцыі таксама парушаюць заканадаўства. Вось такая асноўная мэта ўлады на сёньняшні дзень” – мяркуе Рыгор Кастусёў.
Спадар Кастусёў не выключае, што хібы ў працы Аляксандра Фёдарава маглі быць. Незадоўга да арышту яму даручылі кіраваць дзьвюма кацельнямі. Павялічыўся аб’ём працы – мог нечага й недаглядзець.
Аляксандар Фёдараў – актыўны ўдзельнік выбарчых кампаній. У 2001 годзе яго ўжо арыштоўвалі – з загаду пракурора. Але неўзабаве вызвалілі. Аляксандру Фёдараву 49 гадоў.