viasna on patreon

Ціск на палітвязняў, праверкі тэлефонаў: хроніка палітычнага пераследу 12-14 кастрычніка Дапоўнена

2024 2024-10-14T12:35:19+0300 2024-10-14T18:12:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akushevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-14 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чат мінскіх барыста прызнаны «экстрэмісцкім» — у ім амаль 1600 чалавек

Адпаведнае рашэнне прынятае 11 кастрычніка судом Партызанскага раёну Мінска. У гэтым чаце людзі шукалі ці прапаноўвалі працу ў розных мінскіх кавярнях.

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі Telegram-канал «ЯМыБОБ», старонкі ў Instagram «bgmedia_365», «a2.print», «kurilinmike13», «hub.belastok», а таксама суполка ва «Укантакце» «Полесское времечко».


Мінімум 26 былым палітвязням у кастрычніку плануюць замяніць «хатнюю хімію» на калонію. Некаторым — завочна

У кастрычніку ў Беларусі адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 25 судоў па замене былым палітвязням абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») на пазбаўленне волі. Вядома, што некаторыя з іх пасля вызвалення з СІЗА пакінулі краіну, таму суды фактычна праходзяць завочна.

Так, напрыклад, сёння, 14 кастрычніка, у Мінску праходзяць 8 судоў па замене «хатняй хіміі» на калонію. Рашэнне прымаюць у тым ліку па справе былой палітзняволенай Вольгі Рытус.

Таксама ў судзе Савецкага раёна Мінска 11 кастрычніка адбыўся суд па замене пакарання даследчыцы беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыі Чарнаморцавай.

Тых былых палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, пасля суда змяшчаюць пад варту і пераводзяць у калоніі.


За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрыманы мужчына

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што некалькі разоў наведваў пратэсныя акцыі. 


У Лідзе затрымалі музыку DjBIGACTION

Пра гэта стала вядома 13 лістапада. Імя музыкі — Павел Акушэвіч.

Ён праводзіў музычныя вечарыны ў лідскіх барах і рэстаранах, піша @nebovkletku. Сілавікі адзначылі, што ён выступаў ва ўстанове «Hookah_Place_Lida», на якую яны ўжо звярнулі ўвагу.


Апячаталі кватэру былой палітзняволенай фігуранткі «справы студэнтаў» Анастасіі Булыбенка 

Пра гэта дзяўчына паведаміла ў сваім Instagram 14 кастрычніка.

«На днях я даведалася, што маю кватэру ў Магілёве апячаталі. Хутчэй за ўсё гэта азначае, што я з'яўляюся часткай спецвытворчасці.

Гэтая кватэра — адзінае і апошняе, што засталося ў мяне ад бацькі, які знік без вестак у 2009 годзе.

У мяне няма ніякай інфармацыі аб тым, як і калі гэта адбылося. Людзі, якія там жылі, не змаглі назваць нават дату, калі гэта адбылося — верагодна, яны вельмі спалоханыя».

Анастасія Булыбенка — былая студэнтка БНТУ, якую адлічылі падчас восеньскіх акцый пратэсту. Дзяўчыну затрымалі 12 лістапада 2020 года і пазней асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па «cправе студэнтаў». Яна цалкам адбыла свой тэрмін, а пасля вызвалення з'ехала з Беларусі.


У Рэчыцы распачынаецца чарговы суд над Палінай Шарэндай-Панасюк 

14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна распачынаецца суд над палітзняволенай паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення.

Нагадаем, Паліна была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК. На волі жанчыну чакае двое сыноў — Славамір і Стах.

У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Нядаўна муж напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны.

Паводле Андрэя Шарэнды, Паліну на час суда перавялі ў рэчыцкі ІЧУ:

"...Там не выдаюць матрасаў і пасцельнай бялізны, загадваюць класьціся спаць на металічных пласцінах, а ў Паліны баліць спіна і таму яна мусіць начаваць на падлозе…

…Вядома агульнае — што ў яе ўвесь час баліць страўнік і спіна, але больш нічога ня ведаем".


Беларуса затрымалі пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы

У размове з правакатарам хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і разлічваў на змену ўлады. Але пасля зразумеў, што «не трэба змены ўлады, таму што выдатная ўлада».

На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што «едзе на Акрэсціна набірацца мужнасці і патрыятызму».


У Рагачове масавыя праверкі тэлефонаў у настаўнікаў і вучняў

Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» жыхары Рагачова паведамілі, што ў школах горада апошнімі днямі ідзе масавая «адпрацоўка» настаўнікаў і вучняў міліцыянтамі. У людзей правяраюць тэлефоны, шукаючы там «экстрэмісцкія» падпіскі і перапіскі з імі.

Мяркуецца, што масавыя міліцэйскія праверкі ў школах звязаныя з тым, што ў медыя з’явілася інфармацыя пра звальненне дырэктара школы № 4 Рагачова Аляксандра Лейкіна і суд над ім па адміністрацыйнай справе за «распаўсюд экстрэмізму».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства