viasna on patreon

Палітвязню Сяргею Раманаву дадалі яшчэ два гады зняволення

2024 2024-10-04T14:10:15+0300 2024-10-04T14:13:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sjarhei-ramanau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Горацкага раёна 24 верасня вынеслі прысуд палітзняволенаму анархісту Сяргею Раманаву. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Наталля Фомічава прызначыла яму яшчэ два гады пазбаўлення волі. Пры гэтым, у сакавіку 2023 года Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў зняволення паводле гэтага артыкула. Агульны тэрмін зняволення палітвязня складае 22 гады і 11 месяцаў. 

Нагадаем, Сяргей быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча і Дзмітрыя Дубоўскага абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці: ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму); ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). У снежні 2021 года Сяргею прызначыли 20 гадоў калоніі.

Ад 18 да 20 гадоў: у Мінску вынеслі прысуды анарха-партызанам

22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава.

У траўні 2022 года палітвязня перавялі ў ваўкавыскую ПК № 11, дзе ўвесь час змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. Адміністрацыя калоніі ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК. 23 сакавіка 2023 года ў Ваўкавыску над Сяргеем адбыўся суд . Суддзя Мікалай Талашка прызначыў палітвязню 11 месяцаў калоніі. 

Напачатку ліпеня 2023 года стала вядома, што Сяргея перавялі ў горацкую калонію № 9. Там яго двойчы змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу агулам на 10 месяцаў. Ліставанне ўвесь час блакуецца.

У верасні 2024 года ў Горках над Сяргеем адбыўся ўжо другі суд за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Суддзя Наталля Фомічава прызначыла яму яшчэ два гады пазбаўлення волі, піша "АЧК-Беларусь". Такім чынам, агульны тэрмін для Раманава склаў22 гады і 11 месяцаў пазбаўлення волі.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Сяргея будуць утрымліваць у магілёўскай калоніі № 4. 


Месца ўтрымання палітвязня: 

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства