viasna on patreon

"Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага". Эксперты БХК прадставілі новы агляд трэндаў дзяржпалітыкі

2024 2024-09-30T13:00:00+0300 2024-09-30T15:20:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krakadyl-bhk.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Хельсінкскі Камітэт выпусціў агляд "Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі". "Вясна" распавядае, што ў ім.

krakadyl-bhk.png
Вокладка агляду "Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі"

Чаму кракадзіл?

БХК публікуе аналіз трэндаў кожны трыместр года. У мінулым трыместры (студзень-красавік 2024 года) на вокладцы вынікаў аналітыкі быў коцік-касманаўт, які ўцякае ад міліцэйскага дручка. Цяпер жа (травень-жнівень 2024 года) гэта кракадзіл. Усе вокладкі ствараюцца з дапамогай АІ.

"Больш за палову 2024 года не назіраецца якаснага ўсплёску легалізацыі рэпрэсій, — тлумачыць БХК выбар карцінкі для вокладкі. — Дзяржава, як кракадзіл, "адкусіла" вялікі кавалак правоў і свабод у 2023 годзе, "стравуе" яго, засяродзіўшыся на ўнясенні неабходных змяненняў у ніжэйстаячыя акты і пашырэнне спектру супрацьпраўных практык. На малюнку, згенераваным Shutterstock.AI, кракадзіл, як быццам разняволіўся, але на самой справе ён застаецца небяспечным для ўсіх".

Асноўныя трэнды можна ўмоўна падзяліць на два напрамкі: палітыка і практыка.

Палітыка

Легалізацыя рэпрэсій

Што такое легалізацыя рэпрэсій, патлумачыла прадстаўніца БХК Кацярына Дзяйкала:

"Легалізацыя — гэта калі ты фармалізуеш і замацоўваеш у заканадаўстве канкрэтныя падставы для пераследу. І гэта проста благія змены ў заканадаўстве, якія заўсёды ў прынцыпе былі, проста цяпер дзесьці інтэнцыфікававаліся, а недзе проста па накатанай гэта ідзе.

Тут вельмі важна разумець нелінейнасць гэтай сістэмы. Усё што адбылося пасля 2020 года — і сістэма літаральна ўключыла рэжым надзвычайнага становішча і для таго, каб сябе выратаваць, але паралельна з гэтым адбываецца звычайнае функцыянаванне прававой сістэмы. То бок, гэта паралельныя трэкі: прымаюцца новыя законы, уносяцца змены, але так як рэпрэсіўнае заканадаўства таксама становіцца часткай сістэмы, то сістэма вымушаная потым падладжвацца пад гэтыя рэпрэсіўныя змены. І гэта цягне за сабой шэраг рухаў, якія ты павінен зрабіць, каб працавала ўся сістэма. Таму мы бачым у гэты перыяд, што пачынаецца выпраўленне наступстваў такой рэпрэсіўнай норматворчасці для самой сістэмы.

Ёсць трэк, што трэба зрабіць так, каб ім усім было хрэнова, і ёсць трэк таго, што проста элементарна функцыянаванне дзяржавы і прававой сістэмы пачынае стопарыцца".

Экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, а таксама натарыўсы

У траўні-жніўні 2024 года пашыраецца адыход ад фармальнай роўнасці праз змяненне правілаў доступу да прафесіі і прафесійнай этыкі. У выніку — не толькі пераслед канкрэтных людзей, але і сістэмнае скажэнне сутнасці прафесіі.

"Сталі больш жорсткія [умовы] у дачыненні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў — я б сказала, што гэта нейкі беспрэцэдэнтны палітычны фільтр у дачыненні да іх — таму што памянялася палажэнне аб парадку іх атэстацыі і пераатэстацыі, — патлумачыла Кацярына Дзяйкала. — І таксама дадалося новае — натарыўсы. Прынятыя новыя правілы этыкі натарыўсаў. Чаму гэтыя дзве групы? Таксама можна выказаць здагадку наконт нагоды: зразумела, што гіды-перакладчыкі і экскурсаводы працуюць з замежнікамі, і тут таксама праява такога антывестэрнізму вялікай тэндэнцыі, якая адбываецца пасля 2020 года. А чаму ўзяліся за натарыўсаў: таму што ёсць іншая вялікая тэндэнцыя ў практыках пераследаў тых, што з'ехалі, яна пачынаецца праз канфіскацыю маёмасці. Ім пачынаюць падкручваць гайкі, каб максімальна задушыць магчымасці здзяйсняць нейкія здзелкі з маёмасцю.

А ў гідаў-перакладчыкаў у доступе да прафесіі і пераатэстацыі ўведзеныя тры вельмі жорсткія правілы. Па-першае, да прафесіі больш не дапускаюцца наогул людзі, якія пасядзелі паводле крымінальных пратэсных артыкулаў. Праз пяць гадоў дапускаюцца толькі тыя, хто сядзеў паводле адміністрацыйных. І калі пасведчанне было ануляванае за грубае парушэнне — а грубае парушэнне гэта і няправільныя выказванні адносна таго, адносна чаго трэба казаць пэўныя рэчы, — яны таксама праз пяць гадоў толькі дапускаюцца. Прычым фармальна нават прапісаныя выпадкі даносаў на гідаў-перакладчыкаў. Гэта значыць, нават калі ты прайшоў атэстацыю, нават калі зацверджаная тэма тваёй экскурсіі, маршруты і наогул усё, але пасля экскурсіі хтосьці звярнуўся са скаргай на цябе (гэта, пералічваецца, і грамадзяне, і юрыдычныя асобы, і дзяржорганы, і нават самі чальцы атэстацыйнай камісіі), то атэстацыйная камісія павінна разглядаць гэта. Гэта значыць, у выпадку даносу ты таксама можаш страціць ліцэнзію.

А ў натарыўсаў — новыя правілы прафесійнай этыкі, і ў гэтых правілах правін, якія ганьбяць гонар і годнасці натарыўса, прапісаная такая фармулёўка (чаму я і кажу, што гэта звязана з тым, каб націснуць наконт здзелак з маёмасцю) — што гонар і годнасць натарыўса ганьбіць супрацоўніцтва шляхам аказання паслуг тым, хто дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь".

Таксама ўсё новыя абароты набірае тэндэнцыя застрашвання дзяржаўных служачых і вайскоўцаў. Новаўвядзенне гэтага трыместра — крымінальная адказнасць для асоб за несанкцыянаваны выезд людзей, што маюць доступ да дзяржтаямніцы. Артыкул, у які ўнесены гэтыя змены, у сваю чаргу быў уведзены ў пачатку 2023 года з хваляй іншых рэпрэсіўных навэлаў у крымінальным заканадаўстве, але тады заканадаўцы напісалі, што крымінальная адказнасць наступае толькі за перамяшчэнне за межы Рэспублікі Беларусь самога матэрыяльнага носьбіта з інфармацыяй. А цяпер — гэта сам чалавек, які выязджае.

ЗАГС

Новы трэнд, які эксперты БХК заўважылі сёлета — гэта спроба выправіць наступствы рэпрэсіўнай нарматворчасці ("пашпартнага ўказу") для самой сістэмы. Так, былі ўнесены змяненні ў рэгуляванне шлюбных і сямейных стасункаў, і ўведзена новая норма ў "Кодэкс аб шлюбе і сям'і" — абавязак грамадзян, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану за мяжой (нараджэнне, заключэнне шлюбу, усынаўленне, устанаўленне мацярынства і (або) бацькоўства, змена прозвішча, імя па бацьку, смерць, а таксама скасаванне шлюбу), паведамляць пра гэта цягам шасці месяцаў у беларускія органы ЗАГС. І прычым гэта распаўсюджваецца на ўсе акты грамадзянскага стану — незалежна ад таго, ВНЖ або ПМЖ ці ёсць у чалавека.

"Гэты абавязак мы не можам назваць парушэннем відавочным, таму што дзяржава мае права вызначаць пералік актаў, якія павінны быць зарэгістраваныя, — пракаментавала Кацярына Дзяйкала. — Таму што гэта функцыя дзяржавы — весці ўлік грамадзян. Але ёсць дзве нагі — рэпрэсіўная і звычайная. Калі гэтая рэпрэсіўная нага здзяйсняе крок для таго, каб прыняць пашпартны ўказ і пазбаўляе замежныя прадстаўніцтвы гэтых усіх функцый (у тым ліку выдачы дублікатаў ды іншага) — і такім чынам не дае дзяржаве магчымасці бачыць большую частку сваіх грамадзян, якіх яно нармальным паўшар'ем галавы ўсё яшчэ хоча бачыць, таму што сістэма дзяржавы працуе. І атрымліваюцца такія выпраўленні, падціранні за сабой. Таму што функцыя дыпламатычных консульстваў была ў тым ліку і для таго, каб выдаваць даведкі аб актах грамадзянскага стану".

Пенсія

Таксама ў палажэнні аб парадку зацвярджэння асобы грамадзян, якія не маюць дакументаў, што сведчаць пра асобу, удакладнены пералік асоб, якія могуць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады для пацвярджэння сваёй магчымасці атрымліваць пенсію. Была дададзеная новая фармулёўка: "Раней дакументаваны пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які адмовіўся ад яго выкарыстання".

"Мы мяркуем, што такім чынам дзяржава спрабуе прыкрыць і заткнуць дзірку ў кантэксце таго, што людзі, якія не могуць памяняць пашпарт праз пашпартны ўказ (фармальна ж дзяржава не адмаўляе ім у замене пашпарта на сваёй тэрыторыі), дзяржавай будуць лічыцца тымі, што адмовіліся ад пашпарта", — пракаментавала Кацярына Дзяйкала.

Дзеці-сіроты

Прынятыя таксама захады ў дачыненні да сацыяльнай абароны дзяцей, якія ствараюць глебу для рэпрэсіўных дзеянняў ды індактрынацыі. Так, заканадаўча ўведзены новы від дзіцячых дамоў — дзіцячыя дамы пры манастырах. Пад імі маецца на ўвазе ўстанова, якая ствараецца манастыром, прычым яна можа быць як дзяржаўнай, так і прыватнай формай уласнасці, для дзяцей без апекі бацькоў ад 3 да 18 гадоў.

"Гэта таксама расійская практыка, і пра гэта наўпрост казала Качанава, калі агучыла першы раз гэтую ідэю ў траўні 2023 года. Безумоўна, гэта стварае дадатковую ўразлівасць для дзяцей, якія і так цалкам залежаць ад дзяржавы. І разумеючы, што такое БПЦ і РПЦ, якую ролю яны гарюць у прапагандзе, у тым ліку і ваеннай — відавочна, што гэта будзе дадатковым інструментам індактрынацыі дзяцей, якіх няма каму абараніць. Вядома, гэта дадатковая ўразлівасць. Гэта калі не казаць пра тое, што выкарыстанне манастыроў — гэта дыскрымінацыйна ў адносінах да іншых формаў арганізацыі рэлігійнага жыцця, і таксама гэта парушае правы дзяцей на сям'ю, таму што па стандартах правоў дзіцяці першасным інструментам лічыцца змяшчэнне дзіцяці ў сям'ю і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу".

Льготы сілавікам

Назіраецца ўзмацненне патэнцыялу сілавога апарата праз сістэму адукацыі і працаўладкавання. Так было ўжо даўно, але менавіта ў гэтым трыместры (травень-жнівень 2024) дзяржава гэта робіць праз сістэму адукацыі і працаўладкавання, адзначаюць эксперты БХК. Перш за ўсё, дзяржава пашырыла кампанент спецыяльнасцяў, якія звязаны з нацыянальнай бяспекай. Ўвяла новыя спецыяльнасці (напрыклад, "Фінансавы аналіз у забеспячэнні нацыянальнай бяспекі", "Ідэалагічная праца і кадравая палітыка ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях"). І змяніла кваліфікацыю. Напрыклад, раней кваліфікацыя была проста "Псіхолаг", а цяпер стала "Спецыяліст у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Псіхолаг". Таксама змянілі ў класіфікатары спецыяльнасцяў для вышэйшай адукацыі шэраг спецыяльнасцяў, якія зашыфраваныя — у іх таксама ўнеслі змены.

"Але галоўнае — тое, што здарыўся ў гэтым трыместры вялікі блок заканадаўчых зменаў, які тычыцца размеркавання, пераразмеркавання і кампенсацыі сродкаў за навучанне, — звярнула ўвагу Кацярына Дзяйкала. — І тут вельмі цікавая тэндэнцыя, паколькі гэты вялікі блок тычыцца многіх груп. І вось гэтым блокам змяненняў адным вызначаныя льготы — сілавікам і ў пэўнай ступені дзяржслужачым, а іншым нашмат больш жорсткія ўмовы".

Узніклі новыя ўмовы размеркавання і кампенсацыі сродкаў навучання для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і чальцоў іх сем'яў: раней людзі, якія навучаліся вочна не менш за палову тэрміну за кошт дзяржбюджэту, павінны былі ўсе абавязкова размяркоўвацца. Цяпер група людзей, а менавіта "супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ваенізаваных арганізацый, органаў дзяржаўнай бяспекі, мытных органаў..." выключаны з гэтага абавязку. Гэта значыць, яны зараз могуць навучацца палову тэрміну са сродкаў дзяржбюджэту і вызваленыя ад абавязковага размеркавання.

Акрамя гэтага, раней, калі маладыя спецыялісты не адпрацоўвалі цалкам тэрмін па размеркаванні, то вызваляліся ад кампенсацыі сродкаў у дзяржбюджэт, калі ім немагчыма было даць новае месца там, дзе працуе муж або жонка. Цяпер звузілі вельмі тых, хто вызваляецца ад кампенсацыі сродкаў, і гэта таксама сваякі (сілавікоў).

Таксама ўзмацніліся працоўныя гарантыі асобам у сувязі з праходжаннем вайсковай службы, накіраваннем на альтэрнатыўную службу — наймальнік абавязаны цягам пяці дзён з атрымання паведамлення вайсковага камісарыята ўзяць назад чалавека, "звольненага ў сувязі з прызывам на вайсковую службу, але не накіраванага для праходжання вайсковай службы".

"Гэта значыць, калі раней для іх ільготывызначаліся ў сувязі з іх сыходам на службу і ў перыяд пасля звальнення, то цяпер, атрымліваецца, працадаўца абавязаны цябе прыняць, калі цябе прызвалі, але ты да службы нейкім чынам не дайшоў".

Замах на "сацыялку"

Акрамя гэтага, пытанні недахопу людзей і грошай вырашаюцца праз парушэнне сацыяльных і эканамічных правоў.

"Дзяржава рэгулярна гэтым займалася і да 2020-га года бясконца, — адзначыла Дзяйкала. — Пытанне прымусовага прыцягнення сродкаў у бюджэт праз сістэму вышэйшай адукацыі — гэта старая гісторыя. Але тым не менш цяпер гэта ўсё яшчэ больш інтэнсіфікуецца. Тут сталі больш жорсткімі правілы размеркавання мужа і жонкі і пераразмеркавання выпускнікоў спецыяльнасцяў "Ветэрынарыя" і "Рыбная гаспадарка", раней была ў чым спецыфіка — што пераразмеркаванне медыкаў і выпускнікоў спецыяльнасцяў сельскай гаспадаркі трэба было ўзгадняць з Міністэрствам аховы здароўя і адпаведным аблвыканкамам (або гарвыканкамам, калі гэта ў Мінску). Зараз жа да гэтага дадаліся яшчэ і "Ветэрынарыя" і "Рыбная гаспадарка" і сталі больш жорсткімі таксама правілы пераразмеркавання людзей, што накіраваныя працаваць у сельскую мясцовасць — цяпер іх пераразмеркаваць можна толькі па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі".

Сталі больш жорсткімі правілы кампенсацыі сродкаў за бясплатнае навучанне (новае "кабальнае" правіла кампенсацыі сродкаў для "мэтавікоў", новыя правілы кампенсацыі сродкаў за навучанне цяжарнымі выпускніцамі, тымі, што не адпрацавалі поўны тэрмін размеркавання).

"А таксама паказальна, што дзяржава ўсё больш і больш замахваецца на святое — на сацыялку. І ў гэты трыместр вельмі паказальныя змены — гэта зніжэння сацыяльных гарантый пенсіянерам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Па-першае, ім скасаваныя гарантыі мінімальных выплат (таму што раней норма была сфармуляваная так, што там вызначаліся працэнты і было напісана "але не менш", а цяпер вось гэтым пенсіянерам няма "не менш" больш, гэта значыць можна наогул не плаціць. Мінімальнай выплаты няма.

І пашыраны пералік падстаў для ўтрымання з пенсіі. Калі раней у пенсіянераў было два пералікі падстаў для ўтрымання — гэта калі ў парадку выканаўчай вытворчасці спаганяецца і калі пенсіянер нядобрасумленнымі дзеяннямі атрымаў грошы, то цяпер — яшчэ ўтрыманні з пенсіі для кампенсацыі кошту харчавання, камунальных паслуг, сродкаў асабістай гігіены, адзення і абутку ў месцах пазбаўлення волі", — адзначылі эксперты БХК.

Таксама рэч, якая не з'яўляецца новай, але яе праявы памяняліся ў гэтым трыместры, як заўважылі эксперты, гэта распараджэнне "аб ліквідацыі наступстваў небяспечных метэаралагічных з'яў", якое абавязвае мясцовыя ўлады прыцягваць грамадзян для ўборкі тэрыторый ад наступстваў такіх з'яў.

"Гэта чарговае сведчанне выкарыстання людзей для вырашэння задач, якія абавязана выконваць дзяржава. Пасля гэтага ўрагану, які быў у ліпені 2024 года з сумнымі наступствамі, было прынята гэтае распараджэнне".

Узмацненне ідэалагізацыі і кантролю ў сферы адукацыі

"Сістэма дзяржавы настроена на тое, каб усё рабілася само, — распавяла Дзяйкала. — Каб людзі, чыноўнікі розных узроўняў і рангаў, знізу самі разумелі, што ад іх сістэма чакае, і рабілі нешта само — і яно насамрэч так і працуе. І ўся гэтая ідэалагізацыя ў школах. Насамрэч прамых указанняў з Мінадукацыі мінімальныя адсоткі. А ў асноўным гэта ініцыятывы на месцах — таму што сістэма так настроена, гэта цалкам натуральна для такога савецкага і постсавецкага плана сістэмы, і ў прынцыпе любога аўтарытарнага рэжыму, бо да ўсяго не дацягнешся, а трэба, каб усё працавала. І ў гэтым трыместры заснаваны Рэспубліканскі конкурс "Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні". Відавочна, гэта будзе весці да таго, што людзі будуць жадаць выслужвацца, а гэта, у сваю чаргу, да таго, што яны будуць дэманстраваць творчасць і вынаходлівасць — што значыць павышэнне канцэнтрацыі і мілітарысцкага кампанента ды ідэалогіі ў школах. Прычым у становішчы, сярод паказчыкаў, па якіх будзе ацэньвацца гэты кіраўнік, напісана "фармаванне ў школьнікаў імкнення да службы ў вайсковых фармаваннях і ваенізаваных арганізацыях". Гэта значыць, гэта адзін з паказчыкаў".

Практыка

Відавочнае змяненне паводзін рэжыму ў дачыненні да палітвязняў. Іх пачалі выпускаць.

"Мы не гаворым пра змену іх адносінаў, мы гаворым пра змену факту паводзінаў: палітвязняў не выпускалі, але цяпер іх пачалі выпускаць. Паводзіны змяніліся. Але калі змяняюцца паводзіны, безумоўна, у гэтага заўсёды ёсць прычына, — пракаментавала Дзяйкала. — Мы не ведаем рэальных прычын, палітолагі маюць шмат розных меркаванняў, чаму гэта робіць рэжым. Але важна сказаць, што мы не можам не вітаць вызваленне гэтых людзей. Гэта не абавязкова называць гуманным крокам — але гуманітарны аспект гэтага працэсу, безумоўна, ёсць. Відавочна, што ўлады гэта робяць не таму, што ім шкада гэтых людзей, а зыходзячы са сваіх нейкіх мэтаў. Але 115 чалавек, якія выйшлі... Трэба разумець, у якіх умовах знаходзяцца людзі ў турмах Беларусі. І для іх гэта літаральна выратаванне жыцця — выйсці адтуль. Для многіх людзей літаральна гэта захаванне рэшткаў здароўя і спыненне пакут для іх блізкіх. Таксама не забываем, які цяжар, і матэрыяльны, і псіхалагічны нясуць іх сваякі... Мы вітаем і хочам, каб гэты працэс працягваўся.

Але пры гэтым важна адзначаць, што гэта непразрысты працэс. Акты памілавання не раскрываюцца, праваабаронцы даведаюцца імёны памілаваных альбо праз паведамленні сваякоў і сяброў, якія выйшлі на волю, альбо ад прапагандыстаў, таму што з шэрагам з тых, хто выйшаў, запісваецца інтэрв'ю. І безумоўна таксама трэба разумець, што гэты выпуск не азначае спыненне рэпрэсій, і тое, што дзяржава адумалася..."

Сярод практык — і выкарыстанне смяротнага прысуду ў палітычных мэтах, а менавіта "справа Рыка Крыгера".

"Гэта быў першы смяротны прысуд за дзеянне, якое не пацягнула чалавечых ахвяр. Першы смяротны прысуд замежніку (з часу маніторынгу). Безумоўна, гэта была адвольная кваліфікацыя, якая ў тым ліку стала магчымай пасля ўнясення зменаў у Крымінальны кодэкс у 2022 годзе, якія пашырылі магчымасць ужывання смяротнага пакарання менавіта за дзеянні, якія не пацягнулі чалавечых ахвяр. І гэта стала часткай вялікага абмену, у які, на вялікі жаль, не трапіў ні адзін беларускі палітвязень, нягледзячы на тое, што справа Крыгера была зробленая рукамі беларускіх уладаў".

Адбыўся ўсплёск фактаў узмацнення жорсткасці пакаранняў людзям, асуджаным паводле палітычных артыкулаў на "хатнюю хімію" — ім зрабілі больш жорсткім пакаранне, замяніўшы яго на калонію.

Таксама ўжо другі трыместр 2024 года пастаянна з'яўляюцца новыя практыкі пераследу паводле артыкулаў аб экстрэмізме. Напрыклад, упершыню прызнаныя экстрэмісцкім і заблакаваныя інтэрнэт-рэсурсы, праз якія аказвалася дапамога прызыўнікам. Таксама адбылося афіцыйнае пацвярджэнне (указанне ў рашэнні суда), што выданні, прызнаныя экстрэмісцкімі, улады фактычна знішчаюць. У асноўным экстрэмісцкімі прызнаюцца кнігі на беларускай мове і / або на нацыянальную тэматыку.

"Такім чынам, гэта таксама зрэз барацьбы цяперашняй улады з нацыянальнай культурай — знішчэнне беларускіх кніг".

Таксама пашыраецца ціск на працоўных месцах: назіраецца палітычна матываваны ціск на работнікаў дзяржаўнага сектара ў сувязі з іх выездам за мяжу ў "недружалюбныя краіны". У розных бюджэтных сектарах супрацоўнікі КДБ праводзяць гутаркі і агітацыю з нагоды таго, што не варта ехаць у "недружалюбныя краіны" (у першую чаргу, у Польшчу, Літву, Латвію". Але няма адзіных інструкцый. А супрацоўнікаў прыватных кампаній прымушаюць падпісваць дакументы, у якіх яны абавязваюцца "не рабіць дзеянняў, якія парушаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не дапускаць дэструктыўных праяў па месцы працы і жыхарства, не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ды іншых акцыях пратэсту, не ўступаць у экстрэмісцкія ды іншыя дэструктыўныя арганізацыі, супольнасці і групы (чаты), не аказваць ім садзейнічанне ў іх дзейнасці".

З поўнай версіяй агляду БХК можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства