У Баранавічах яшчэ 8 чалавек асудзілі да калоніі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 31 траўня агучылі вырак трэцяй групе за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да пазбаўлення волі асудзілі адразу восемь чалавек: Канстанціна Калягу, Эрыка Каласоўскага, Івана Пацко, Аляксандра Лаўрушчыка, Івана Дрыка, Паўла Сергіені, Дзмітрыя Філіповіча, Арцёма Лапіча. Справу з 7 траўня разглядала Вікторыя Пакунова.
Згодна версіі абвінавачвання, Канстанцін Каляга, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык, Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч, Арцём Лапіч, "будучы ў стане алкагольнага ап'янення, у жніўні 2020 года, знаходзячыся на праезнай частцы па розных адрасах у г. Баранавічы, дзейнічаючы ў групе асоб, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый, тым самым наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый".
Усе на судзе прызналі віну.
Вядома, што некаторых затрымалі пачдас "хапуноў". Так, напрыканцы снежня 2023 года быў затрыманы Іван Дрык, якому на момант удзелу ў акцыях пратэсту не было 18 гадоў.
У выніку суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла наступныя тэрміны:
- Дзмітрыю Філіповічу — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму (вядома, што быў раней судзімы паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса);
- Аляксандру Лаўрушчыку, Канстанціну Калягу, Эрыку Каласоўскаму — два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнаму;
- Івану Пацко, Івану Дрыку, Паўлу Сергіеню, Арцёму Лапічу — адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Нагадаем, на Берасцейшчыне да гэтага часу працягваюцца масавыя затрыманні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Так за красавік гэтага году вынеслі прысуды па "народным" артыкуле ўжо 17 жыхарам Баранавічаў.