Франака Вячорку пачнуць завочна судзіць 31 траўня
Завочны суд у дачыненні да галоўнага дарадцы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, шматгадовага апазіцыйнага дзеяча Франака Вячоркі пачнецца 31 траўня а 10:30. Працэс у Мінскім гарадскім судзе будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч, вядомая вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, у прыватнасці, у 2023 годзе па "справе tut.by".
Гэта вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суда. Пра пачатак спецвытворчасці Следчы камітэт паведаміў 16 лютага.
35-гадоваму палітыку інкрымінавана дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), ч.1 і 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
"Хай падавяцца сваёй спецвытворчасцю і сваімі артыкуламі", — так пракаментаваў "Позірку" пачатую спецвытворчасць Вячорка.
На яго думку, "правасуддзе ўсё роўна наступіць, і ўсе, хто стаяць за ліпавымі абвінавачваннямі, справамі і прысудамі, катаваннямі і арыштамі, будуць несці адказнасць".