Новая крымінальная справа і папаўненне ў "экстрэмісцкім спісе": хроніка пераследу 23 траўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі мінскага настаўніка гісторыі
На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што быў падпісаны на «Люстэрка» ў тэлеграме. Сілавікі сцвярджаюць, што яму таксама прыйшла рассылка ад чат-бота «Перамога»
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што замест адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюд экстрэмізму» настаўніку пагражае крымінальная адказнасць.
За антываенную пазіцыю затрымалі Сяргея Кусонскага
Гэта кіраўнік мінскага аддзялення «Контэ» па вырабе бялізны
Яго вінавацяць у тым, што ён павесіў на працоўным месцы плакат «Не вайне».
CК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да заснавальніка клінікі "Новы Зрок" Алега Каўрыгіна
55-гадоваму Алегу інкрымінаваныя дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Яго збіраюцца судзіць завочна і заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Мінску.
У бацькоў атлеткі Крысціны Ціманоўскай дома праходзіць ператрус
Пра гэта піша @bypolofficial.
«У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сям'і, звычайнай правінцыйнай сям'і, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарнікам, а маці супрацоўнікам банка», — піша Ціманоўская.
«Калі ў следчага камітэта ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», — дадае яна.
Сілавікі затрымалі мужа і жонку з Брэста
Як высветліла @mediazona_by, затрыманыя – Аляксандр і Кацярына Сергіевічы. У іх ёсць васьмігадовая дачка.
Маму Кацярыны асудзілі за "абразу" Лукашэнкі. Пасля яе затрымання жанчына звярнулася па кансультацыю да праваабаронцаў - перапіску з імі апублікаваў праўладны канал.
Да Аляксандра прыйшлі праз ягоны ўдзел у пратэстах.
Папаўненне ў "спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў"
У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі Instagram актывісткі Юліі Міцкевіч і медыцынскі чат у вайберы.
Акрамя таго, туды трапіла старонка арганізацыі Dapamoga ў Фэйсбуку і старонка беларускай дыяспары ў Літве ў Instagram.
У Беларусі абмежавалі доступ да сайта для прызыўнікоў povestka.org
На патрабаванне пракуратуры ў Беларусі абмежавалі доступ да сайта для прызыўнікоў povestka.org, сказана на афіцыйным сайце ведамства.
На думку пракуратуры, на сайце публікавалася Інфармацыя «якая прапагандуе спосабы ўхілення» ад службы. Гэта, як сказана ў паведамленні, «супярэчыць нацыянальным інтарэсам дзяржавы».
Партал парушыў закон аб СМІ, палічылі ў пракуратуры.
Сайт povestka.org прапануе юрыдычныя кансультацыі для прызыўнікоў. "Замові кансультацыю па легальных спосабах адтэрміноўкі ў войска", - напісана на галоўнай старонцы.
Былога кіраўніка Віцебскага аддзялення БНФ Язэпа Дулебу пасля арышту перавялі ў СІЗА
Як піша "Віцебская Вясна", яго затрымалі 7 траўня. Суд арыштаваў яго на 15 сутак за "падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы". Па заканчэнні тэрміну яго перавялі ў СІЗА.
3 траўня МУС дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» групу FreeInfoBel. У яе ўдзельніках былі пазначаны Іосіф Дулеба і Вольга Пашкевіч.