viasna on patreon

За ўдзел у пратэстах у Баранавічах 10-11 жніўня 2020 года асудзілі васьмярых чалавек

2024 2024-04-02T16:03:13+0300 2024-04-02T16:04:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-sud-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы

Першага красавіка 2024 году вынесены прысуд васьмі людзям, якіх у Баранавічах асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Нагадаем, прапагандысты апублікавалі відэа таго, як на судовы працэс заводзілі першую партыю фігурантаў справы.

Па "народным" артыкуле праходзілі адразу 17 чалавек, але пакуль вядомыя тэрміны, якія агучылі васьмі з іх. Прысуд вынесла Анастасія Паўлечка. Ім усім прызначылі пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага ці строгага рэжыму:

Івану Дыдышка — два гады пазбаўлення волі ў калоніі. Вядома, што раней яго судзілі паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў): шляхам паглынання меньш строгага пакарання больш строгім канчаткова яму прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крысціне Дыдышка-Чаркасавай — год пазбаўлення волі ў калоніі. Жанчыне прызначылі адтэрміноўку выканання пакарання, пакуль яе дзіцяці не споўніцца тры гады.

Міхаілу Петрашу, Юрыю Хаванскаму, Піліпу Сцёпіну, Яўгену Цыбульку — па два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Усе яны раней не мелі судзімасцяў.

Вячаславу Баравікудва гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Вядома, што раней яго судзілі двойчы.

Аляксандру Лявончыку — тры гады пазбаўлення волі. Вядома, што раней яго судзілі 11 разоў. Папярэдняе пакаранне было вынесена ў снежні 2021 году: яго прызналі вінаватым у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, і асудзілі да 23 гадоў пазбаўлення волі. З улікам гэтага канчатковае пакаранне шляхам частковага складання пакаранняў склала 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Піліп Сцёпін і Вячаслаў Баравік таксама будуць прымусова лячыцца ад хранічнага алкагалізму.

Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле Маршы ў Баранавічах у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года. Яны нібыта знаходзіліся на праезнай частцы вуліц, гучна крычалі, выкрыквалі "лозунгі" і "дэманстравалі" нацыянальныя сцягі. Адзначаюць, што ўсе яны прызналі віну цалкам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства