Праваабаронца "Вясны" ўзяў удзел у сайд-івэнце Савета па правах чалавека
У Жэневе 21 сакавіка ў межах 55-й сесіі Савета па правах чалавека адбыўся сайд-івэнт, які быў прысвечаны пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Яго арганізавала пастаяннае прадстаўніцтва Літвы пры ААН і падтрымала пастаяннае прадстаўніцтва Польшчы, а таксама іншыя дэмакратычныя краіны. У сайд-івэнце ўзялі ўдзел прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычных сіл і праваабарончых арганізацый, сярод якіх — праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец.
"Механізмы ААН вельмі важныя для барацьбы з безпакаранасцю за тыя шматлікія парушэнні, якія, паводле нядаўняга даклада УВКПЧ, "могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці". Сайд-івент меў на мэце падтрымаць сумесныя намаганні па падаўжэнні паўнамоцтваў Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, а таксама спрыяць стварэнню незалежнага механізму падсправаздачнасці, які б абапіраўся на існуючы мандат УВКПЧ па Беларусі. Лёс мандатаў будзе вырашаны на галасаванні па рэзалюцыі, якое мае адбыцца напрыканцы 55-й сесіі КПЧ", — распавёў Канстанцін.
У мерапрыемстве, акрамя Канстанціна Старадубца, таксама ўзялі ўдзел кіраўнік Freedom House у Літве Віціс Юрконіс, экспертка "Беларускага Хельсінскага Камітэта" Кацярына Дзяйкала, кіраўніца "Прававой Ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.
На сайд-івэнце Крысціна Рыхтэр падчас выступу сфакусавалася на тэме ўтрымання палітычных зняволеных у рэжыме інкамунікада. Яна звярнула ўвагу на тое, што Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Марыя Калеснікава і Мікалай Статкевіч ужо год пазбаўленыя магчымасці перапіскі, доступу да адвакатаў і якаснай медыцынскай дапамогі. Рыхтэр падкрэсліла: тэрміновыя меры, прадпісаныя Камітэтам па правах чалавека ў абарону Ціханоўскага, Бабарыкі і Знака, ігнаруюцца. Дарадца заклікала міжнародную супольнасць выкарыстоўваць дыпламатычныя каналы для ціску на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся для родных і блізкіх доступу да зняволеных, а таксама забяспечыць палітвязням рэалізацыю правоў на медыцынскую і прававую дапамогу.
Апублікаваны даклад ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі