viasna on patreon

Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-03-12T12:20:26+0300 2024-03-12T12:58:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

12 сакавіка 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, мусіць быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

  • Дзяніса Красько паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці за каментары ў сацыяльнай сетцы — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Дзмітрыя Шчарбіна паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці за каментары ў сацыяльнай сетцы — да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Яўгена Кіслова паводле ч. 1 арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі), арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да пяці год пазбаўлення волі ў калоніі.

Акрамя гэтага, як раней адзначала праваабарончая супольнасць, улады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і ўжываюць да пратэстоўцаў ды іншадумцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, якія прадугледжваюць пазбаўленне волі на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі, і загадзя не былі накіраваныя на прычыненне цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў пратэстоўцаў як тэрарызму загадзя не адпавядае таму, што на думку міжнародных арганізацый павінна ўкладвацца ў гэтае паняцце.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004) 2004 Савета Бяспекі, дзеянні, што павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага або іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

  • здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць або нанесці сур'ёзную шкоду здароўю або захапіць закладнікаў;
  • здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, або групы людзей, або асобных людзей, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад або міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне або ўстрымацца ад яго здзяйснення;
  • уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

Мы ўпэўненыя, што ў адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і могуць кваліфікавацца як злачынствы адпаведныя цяжару і грамадскай небяспекі зробленага.

У многіх выпадках улады ўжываюць празмерна шырокае і размытае вызначэнне здрады дзяржаве ды іншых злачынстваў супраць дзяржавы для адвольнага пераследу нязгодных, а таксама за супрацьдзеянне расейскай агрэсіі ва Украіне.

Таксама адзначаем, што ўлады неабгрунтавана ўжываюць утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для прымянення меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору па крымінальным абвінавачванні, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, ўмяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Так, нам вядома аб працяглым утрыманні пад вартай:

  • Кацярыны Новікавай паводле арт. 203-1 ч. 3 КК па абвінавачванні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных і паводле арт. 130 ч. 3 КК па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы за перадачу дадзеных дзяржслужачых пратэсным рэсурсам;
  • Антона Чарамных па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці і здрадзе дзяржаве; крымінальная справа разглядаецца ў закрытым рэжыме;
  • Рамана Галузы па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве;
  • Андрэя Шмая, грамадзяніна Украіны, па абвінавачванні ў агентурнай дзейнасці;
  • Івана Сухамерава па абвінавачванні ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы або падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу паводле ч. 1 арт. 361-3 КК, паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 КК, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паволе ч. 1 і 2 арт. 361-2 КК, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім па ч. 3 арт. 361-1 КК, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК, здзеку з дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 КК, закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь паводле ч. 3 арт. 361 КК, здрадзе дзяржаве паводле ч. 1 арт. 356 КК, арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзелу ў дзейнасці такой арганізацыі паводле ч. 2 арт. 290-5 КК, справа разглядаецца ў закрытым рэжыме;
  • Наталлі Захаранкі, грамадзянкі Украіны, па абвінавачванні ў шпіянажы; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме;
  • Аляксея Кулікова па абвінавачванні ў агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК, падрыхтоўцы да акта тэрарызму паводле арт. 289 КК і акту міжнароднага тэрарызму паводле арт. 126 КК; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме;

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Дзяніса Красько, Кацярыны Новікавай, Яўгена Кіслова, Дзмітрыя Шчарбіна, Антона Чарамных, Рамана Галузы, Андрэя Шмая, Івана Сухамерава, Наталлі Захаранкі, Аляксея Кулікова з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Human Constanta;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства