Фітнэс-трэнера Аляксандра Якуту асудзілі за ўдзел у мінскім Маршы на 2,5 гады "хатняй хіміі"
У судзе Савецкага раёна Мінска 22 снежня 2023 года асудзілі Аляксандра Якуту паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Аляксандру два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэснай акцыі ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Падчас Маршу ён быў у вобразе шатландскага вікінга. Мінчук цалкам прызнаў віну. Трэнера апазналі па фотаздымку з пратэснай акцыі, які мужчыну пераслаў знаёмы ў Тэлеграме.
Пра затрыманне Аляксандра стала вядома з "пакаяльнага" відэа ад 16 лістапада 2023 года. Яго затрымлівалі мінімум сем сілавікоў са зброяй. Тады ў мужчыны вынялі мабільны тэлефон і кілт, якія пазней вярнулі.
Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну вызвалілі ў зале суда. 19 студзеня 2024 года Міністэрства ўнутраных справаў унесла яго ў "спіс экстрэмістаў".
Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", мінчуку Аляксандру Якуту 37 гадоў. Ён працуе ў фітнэс-цэнтры "Адрэналін" у Малінаўцы. Таксама Аляксандр — сертыфікаваны нутрыцыёлаг (эксперт па здаровым харчаванні). Цікавіцца гісторыяй, а таксама любіць ездзіць на матацыкле.