viasna on patreon

Паказваў "Вікторыю" на Маршы. Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў "хатняй хіміі" па "народным" артыкуле

2024 2024-02-22T12:25:40+0300 2024-02-22T12:27:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 2 лютага паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі Станіслава Семяненю. Яму інкрымінавалі ўдзел у адной акцыі пратэсту. Мужчыну знайшлі па фота ў тэлефоне знаёмага. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Згодна версіі абвінавачвання, "выкарыстоўваючы ў якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колераў з выявай у выглядзе герба Пагоня, дэманструючы пратэстны знак у выглядзе V-вобразнага жэсту паказальным і сярэднім пальцамі рук, рухаўся ў тым ліку па праезнай частцы дарогі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў прыпынку транспарту на тэрыторыі горада Мінска".

На судзе Станіслаў віну прызнаў. Ён распавёў, што разам са сваім знаёмым прынялі ўдзел у Маршы па праспекту Незалежнасці, у групе грамадзян публічна выкрыквалі лозунгі, выкарыстоўваючы пратэсную сімволіку і жэсты рукамі. Пры гэтым ажыццяўляючы блакаванне руху транспарту шляхам выхаду з іншымі грамадзянамі на палосы руху праезнай часткі.

Як стала вядома з матэрыялаў справы, Семяненю ідэнтыфікавалі па фота ў тэлефоне знаёмага, які вынялі ў яго падчас ператрусу.

У выніку суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў мужчыне два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу "хатняй хіміі". Да суда Семяненя быў пад закладам у памеры 11 100 рублёй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства