Святароў абвясцілі ў вышук, новыя арышты: хроніка пераследу 22 лютага Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы майстра кампаніі "Слоніммэбля"
Сілавікі з аддзела спецыяльнага прызначэння "Тайфун «затрымалі майстра кампаніі» Слоніммэбель «за распаўсюд» экстрэмісцкай «інфармацыі ў тэлеграм, Відэа з мужчынам апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал»ПуЛьС Гродна".
На камеру мужчына кажа, што працуе майстрам у кампаніі «Слоніммэбля». Быў затрыманы міліцыяй за тое, што ў мэсэнджары тэлеграм распаўсюджваў «забароненую» інфармацыю, паведамляе "Медыязона".
Сілавікі затрымалі жыхара Брэсцкай вобласці за абразы прадстаўнікоў улады падчас выбараў
У Берасцейскай вобласці сілавікі затрымалі мужчыну за абразы прадстаўнікоў улады падчас выбараў, Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал «Першы Рубеж».
На камеру затрыманы кажа, што пакінуў каментары, бо не валодаў дастатковай інфармацыяй пра падзеі ў краіне і зазнаў уплыў «экстрэмісцкіх» сайтаў.
Аўтары канала пішуць, што ў дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа за абразу прэзідэнта (артыкул 368 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК). Дзе цяпер знаходзіцца затрыманы, невядома, піша "Медыязона".
Не выйшлі на волю гомельскія актывісты
Былы палітвязень Аляксей Раманаў і актывіст Васіль Палякоў правялі за кратамі ўжо па 30 сутак арышту. Цяпер супраць іх могуць быць распачатыя крымінальныя справы.
Тое, што вязні не выйшлі на волю, заўважыла «Радыё Свабода».
Аляксея Раманава затрымалі падчас студзеньскага рэйду сілавікоў. Яго арыштавалі на 15 сутак па артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а затым дадалі яшчэ 15 сутак. Аляксей павінен быў выйсці на волю 22 лютага, але яго не адпусцілі.
Таксама пасля 30 сутак арышту не выйшаў на волю гомельскі актывіст Васіль Палякоў. Яго затрымалі падчас рэйду і два разы прысудзілі па 15 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах.
У Бярозаўцы на 15 сутак арыштавалі назіральніцу на выбарах 2020 года
У Бярозаўцы мясцовую жыхарку Гражыну Гетка арыштавалі на 15 сутак, піша тэлеграм-канал "Затрыманні, суды ў Лідзе". Па якім артыкуле 19 лютага судзілі жанчыну-невядома.
У 2020 годзе Гетка была назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. У верасні 2023 года яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь па артыкуле аб распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.
За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрыманы лідчанін
На адным з каналаў сілавікоў 21 лютага з'явілася інфармацыя аб палітычна-матываваным затрыманні жыхара Ліды і змяшчэнні яго ў ІЧУ.
На відэа мужчына кажа:
"Я, жыхар Ліды, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за тое, што ў сетцы Інтэрнэт распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. У зробленым раскайваюся, больш паўтараць такога не буду. Віну сваю прызнаю цалкам".
Двух святароў з Віцебшчыны абвясцілі ў вышук
У Расіі абвясцілі ў вышук двух святароў з Віцебшчыны.
Ксёндз Вячаслаў Барок, былы пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, што ў Расонах, і Андрэй Вашчук, былы пробашч віцебскай рымска-каталіцкай парафіі Святога Духа, былі вымушаны пакінуць Беларусь, дзе іх пераследавалі за шчырасць у выказваннях і антываенную пазіцыю, паведамляе "Віцебская вясна".