Колішнюю ганаровую выпускніцу БДУ асудзілі да 5 гадоў калоніі за данаты
У Мінскім гарадскім судзе 16 лютага вынеслі прысуд 27-гадовай палітзняволенай Ксеніі Ходыравай. Яе асудзілі за данаты паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях). Па справе адбылося тры пасяджэнні, але падрабязнасці невядомыя. У выніку суддзя Святлана Макарэвіч прызначыла палітзняволенай пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ксенію затрымалі 10 кастрычніка 2023 года за данаты. Меру стрымання абралі ўтрыманне пад вартай. Дзяўчыну пасля затрымання некалькі месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ, а потым яе перавялі ў СІЗА № 1.
Вядома, што Ксенія скончыла факультэт сацыякультурных камунікацый, кафедра культуралогіі БДУ. Яе нават адзначылі ў намінацыі "Лепшы выпускнік БДУ-2018", а таксама запрашалі на рэктарскі бал выпускнікоў БДУ. Ксенія займаецца футболам і танцамі. Яна заўзела за "Крумкачы" і была ўдзельніцай KrumkaCheeks — жаночай аматарскай каманды, якая трэніравалася і час ад часу праводзіла гульні.
Па размеркаванні Ксенію накіравалі працаваць у Музей фізічнай культуры і спорту, які знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Паралельна яна вучылася там у Класе Канфуцыя (цяпер — Інстытут Канфуцыя) — установе, дзе вывучаецца кітайская мова ды культура.
Падтрымайце палітзняволеную: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Ксенія Сяргееўна Ходырава