Затрыманні ў Віцебску, Баранавічах і Мікашэвічах: хроніка пераследу 11-13 лютага Дапоўнена
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-13 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Яшчэ адзін беларускі блогер трапіў у рукі сілавікоў
Віталя Усціновіча з Віцебска прымусілі сказаць на відэа, што ён затрымана за каментары і спасылкі з 2020 года.
На ютуб-канале Усціновіча 47 тысяч падпісчыкаў. Ён здымае ролікі пра кошты ў крамах, зімовую рыбалку і жыццё мястэчак у Віцебскай вобласці.
Сілавікі затрымалі гродзенскага айцішніка
Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і напісанні абразлівых каментароў. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Суды, затрыманні", мужчыну завуць Андрэй Якіменка.
Таксама сцвярджаецца, што ў офісе, дзе працаваў мужчына, вісеў БЧБ-сцяг і налепкі з «Пагоняй» — праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць кампаніі «зачысткай».
Сілавікі затрымалі трох супрацоўнікаў "Газпрам трансгаз Беларусь"
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні трох супрацоўнікаў кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь" у Мінску. Відэа з імі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ "БАЗА".
Як паведамляе "Медыязона", на міліцэйскім відэа мужчыны ў шэрай і зялёнай куртках кажуць, што працуюць інжынерамі, называюць свой заробак і распавядаюць, што «падтрымлівалі ў калектыве пратэстныя настроі». Са слоў дзяўчыны, у 2020 годзе яна ўдзельнічала ў мітынгах і «сама ў міліцыю не з'яўлялася».
Затрымалі жыхара Віцебска, які ў «Аднакласніках» лайкнуў пост пра смерць начальніка Аршанскага РУУС
Відэа з затрыманым мужчынам 13 лютага апублікаваў тэлеграм-канал сілавікоў. Жыхар Віцебска адзначыў лайкам у «Аднакласніках» публікацыю аб смерці начальніка Аршанскага РУУС Сяргея Барвянкова, піша "Наша Ніва".
Раней за негатыўны каментар на адрас памерлага начальніка аршанскіх міліцыянтаў затрымалі жыхара Полацка.
Начальнік Аршанскага РУУС Сяргей Барвянкоў раптоўна сканаў 4 лютага. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам у Воршы адбываліся палітычныя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года.
Затрыманы былы актывіст БСДП (Грамада)
Анатоля Прышчыка затрымлівалі ў Мікашэвічах надвячоркам 12 лютага.
«А 17 гадзін прыехаў вялізны чорны бус, з яго выпрыгнулі 15 амбалаў са зброяй. І кінулі 74-х гадовага дзядульку тварам аб зямлю», – паведамляюць у сацсетках сваякі затрыманага.
Паведамляецца, што затрыманне адбылося па адміністрацыйнай справе паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Выраб, распаўсюд ці захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Верагодна сёння ў Лунінцы адбудзецца суд над Анатолем.
Вядома, што Анатоль Прышчык неаднаразова з'яўляўся назіральнікам пад час выбараў.
У Мінску заўзятара затрымалі на выхадзе з хакейнага матчу — ён "выкрыкваў лозунгі"
Згодна з пратаколам, мужчына быў затрыманы ў сярэдзіне студзеня каля 22.00 на тэрыторыі, прылеглай да комплексу «Мінск-Арэна», бо прыняў удзел «у несанкцыянаваным пікетаванні без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, падчас якога выкрыкваў лозунг ** *» (што за лозунг, не раскрываецца).
На судзе мінчук пацвердзіў, што пасля хакейнага матча выгукнуў лозунг, знаходзячыся на вуліцы ля «Мінск-Арэны». Ён цалкам прызнаў віну і «раскаяўся». У якасці сведкі яго дзеянняў выступіў міліцыянер.
Мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парадак правядзення масавых мерапрыемстваў) і адправілі пад адміністрацыйны арышт на 13 сутак, піша «Люстэрка».
Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні чатырох жыхароў Баранавічаў
Сцвярджаецца, што яны нібыта ўдзельнічалі ў паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020-га году.
Пра затрыманне паведамляе "Вясна. Брэст".
Сайт devby.io перастаў адкрывацца ў Беларусі
Заглушка паведамляе аб блакіроўцы па рашэнні Мінінфарма, піша тэлеграм-канал выдання.
Сайты ў Беларусі могуць блакавацца, напрыклад, за гіперспасылку на рэсурс, які з'явіўся ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым devby.io не ўносілі ў такі спіс.