viasna on patreon

"Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка". Якія змены адбываюцца ў палітыцы дзяржавы ў галіне правоў чалавека?

2024 2024-02-09T14:28:22+0300 2024-02-09T14:31:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/trendy_2023_bhk.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

"У сваім аглядзе мы хацелі паказаць сувязь шмат якіх сфераў з правамі чалавека. Паказаць, што парушэнні дзяржавай правоў чалавека — гэта не толькі рэчы кшталту затрыманняў ці прэсінгу палітзняволеных, палітыка дзяржавы ў гэтай галіне шырэй, чым рэпрэсіі. Гэта шмат іншых з'яваў, якія нябачнымі ніцямі звязаныя паміж сабой, — адзначаюць у БХК. — Сферы, якія прасякаюць такія дзеянні, вельмі шырокія, цяпер складаецца сітуацыя, што ўся палітыка мае рэпрэсіўны характар. Таму мы хацелі паказаць сувязь паміж дзеяннямі дзяржавы і палітычным пераследам і правамі чалавека".

Падчас працы не быў праведзены маніторынг: былі прааналізаваныя і зафіксаваныя змены, якія вядуць да якасных зменаў і пераходу на новы ўзровень палітыкі дзяржавы, якая парушае правы чалавека альбо стварае ўмовы для гэтага.

Такім чынам, за ўвесь 2023 год былі заўважаныя наступныя трэнды, якія ўсе так ці інакш перасякаюцца паміж сабой. Адбылася фармалізацыя ідэалогій. Па факце дзяржава фармалізавала ідэалагічную аснову беззаконня. Інтарэсы дзяржавы вышэй асабістых інтарэсаў чалавека, а прававыя нормы і стандарты, якія функцыянуюць у дэмакратычных грамадствах для беларускага народа павінны прымяняцца з папраўкай на спецыфіку шляху народу. Назіраецца легалізацыя рэпрэсій. Цяпер аб'ём нормаў, якія легалізуюць рэпрэсіі, ствараюць законную "рамку" для парушэння правоў чалавека. Ад больш агульных схемаў дзяржава перайшла да канкрэтных інструкцый у дачыненні да асобных групаў людзей. Напрыклад, калі ў пачатку 2023 году трэба было проста паведамляць пра наяўнасць ВНЖ замежнай краіны, то ўжо ў другім паўгоддзі гэта заканадаўча замацавана як перашкода пры прыёме на працу ў некаторых выпадках. Усяго зафіксавана больш за 30 зменаш такога кшталту.

Назіраецца адыход ад фармальнай роўнасці: практычна заканадаўча пачынае замацоўвацца розніца паміж лаяльнымі ўладзе людзьмі і нелаяльнымі. Калі раней не назіралася прамых дыскрымінацыйных нормаў у заканадаўстве, то цяпер дзяржава фактычна пачала дзяліць людзей на "правільных" і "няправільных". Цяпер гэта датычна ўсё большай колькасці людзей, а часовая сувязь з замежнай дзяржавай (напрыклад, наяўнасці ВНЖ замежнай краіны) становіцца прыкметай, паводле якой утвараецца асобная ўразлівая група, якая патрабуе дадатковай абароны.

Пачынаецца пераход да мадэлі калектыўнай адказнасці ў грамадстве. Падставы пераследу і ціску (як заканадаўча, так і на практыцы) пашыраюцца на статус/дзеянні сваякоў, а не самога чалавека. Напрыклад, зафіксаваныя выпадкі перашкоды для прасоўвання па службе з-за наяўнасці "карты паляка" ў дзіцяці. 

Назіраюцца ўзмацненне сілавога блоку і мілітарызацыя. Так, пашыраюцца паўнамоцтвы КДБ у некалькіх сферах: кантроль за дыпламатамі, ваенная служба і мабілізацыя, прымяненне зброі. Адбываюцца змены ў рэгуляванні знешняй разведкі: цяпер асноўны фокус яе працы — на з'ехаўшых беларусах. Уведзены інстытут "народнага ўзбраення", узмацняецца кантроль за ваеннаабавязанымі. 

Адбываецца індактрынацыя ў сістэме адукацыі. Дзеці трапляюць у асабліва ўразлівую групу, бо не могуць не хадзіць у школу, дзе актыўна назіраееца парушэнне правоў дзяцей на адукацыю і культурных правоў. З'явіліся новыя падручнікі пра генацыд, дзе ёсць дыскрэдытацыя нацыянальнай сімволікі і глеба для распальвання варожасці ў дачыненні да захаду. Гэта ўсё — складнікі агульных тэндэнцый пра кампанію па рэфрэймінгу генацыду і "антызаходніцтву". У межах кампаніі дзяржава мае два асноўныя напрамкі: стыгматызацыю нязгодных праз стыгматызацыю еўрапейскіх каштоўнасцей і ачарненне нацыянальнай культуры. "Мы фіксуем прасоўванне да жалезнага занавесу", — адзначаюць у БХК. У супрацьвагу гэтаму, назіраецца ўзмацненне расійскага ўплыву, якое таксама пранізвае розныя тэндэнцыі. Асобна заўважна рашэнне пытанняў недахопу людзей і грошай праз парушэнне сацыяльна-эканамічных праў. Праз тое, што людзі з'язджаюць, дзяржава вымушаная адказваць новымі рэпрэсіўнымі практыкамі. Напрыклад, адсочваюць тых, хто робіць апастыль да дакументы, хочуць увесці адпрацоўку для "платнікаў". Асабліва гэта датычыцца сектараў, якія масава трапілі пад рэпрэсіі і таму былі вымушаныя з'ехаць: шмат абежаванняў было ўведзена ў сектар медыцыны. Працу за з'ехаўшымі можна таксама выдзяляць у асобны трэнд. І калі палітыка дзяржавы тут пачыналася са спробаў дзейнічаць унутры краіны (стварэнне Камісіі па вяртанні, завочныя суды, ціск на сваякоў), то цяпер заўважныя спробы "дастаць" чалавека і па-за межамі краіны. 

Асобным трэндам праваабаронцы выдзяляюць "крэатыўныя" практыкі рэпрэсій. Гэта рэжым доўгатэрміновага incommunicado, першыя прысуды in absentia, пераслед за Данаты пацярпелым ад рэпрэсій, першы (публічна вядомы) прамы крымінальны пераслед адваката за аказанне прававой дапамогі сваім кліентам, прайграванне грамадзянскімі інстытутамі практык сілавікоў і іншых неўласцівых практык (напрыклад, "выязныя" суды, пастаяннае ўзмацненне праверак і кантролю на мяжы / з-за перасячэння мяжы, усплёск рэпрэсій у дачыненні да людзей, звязаных з дэмакратычнымі сіламі.

БХК працягвае аналізаваць трэнды ў дзяржаўнай палітыцы. У 2024 годзе плануецца выпусціць адразу тры агляды. Падрабязна азнаёміцца з мінулымі справаздачамі можна па спасылцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства