У Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі мастачку
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 8 лютага вынесены прысуд 32-гадовай мастачцы Ганне Крук. Жанчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Іна Сівец.
Палітзняволеную Ганну Крук затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні "Маркс" у Мінску. Праз два дні над жанчынай адбыўся адміністрацыйны суд паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з пратаколам, Ганна "дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асоб".
Сваю віну Крук не прызнала і патлумачыла суду, што сапраўды размясціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сцяга. У выніку суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну на 13 сутак.
Пасля "сутак" яна не выйшла на волю: яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе.
Суд прызнаў яе вінаватай і пастанавіў пакараць абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.