Новыя крымінальныя справы супраць палітвязняў, "рэйды" сілавікоў: хроніка пераследу 30-31 студзеня
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30-31 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
31 студзеня
Праваабаронцам стала вядома пра рэйды сілавікоў па родных тых, хто з'ехаў за мяжу
Вядома, што людзей просяць угаворваць сваіх сваякоў вярнуцца ў Беларусь пра «камісію па вяртанні». Вядома пра як мінімум 3 выпадкі, калі да людзей прыходзілі з такімі прапановамі.
Нагадаем, праваабаронцам вядомыя і як мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання з-за мяжы.
Сілавікі апублікавалі «пакаяльнае відэа» з жыхаркай Віцебскай вобласці
Паведамляецца, што затрыманай навапалачанцы Вользе Сачыўцы прызначылі штраф — 600 рублёў.
Супраць палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча ўзбудзілі новую крымінальную справу
Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Дата суда пакуль невядомая.
Нагадаем, летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыўся чарговы рэйд сілавікоў
За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» затрымалі 5 чалавек. Нагадаем, у жніўні на шклозаводзе затрымалі не меней за 9 чалавек, у лістападзе — каля 10 чалавек, у снежні — 8.
30 студзеня
Новы суд над палітвязнем
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёну паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) пачалі судзіць Дзмітрыя Багачэнку.
Імаверна, суд праходзіць над 46-гадовым палітвязнем, гомельскім юрыстам-прадпрымальнікам, якому ў траўні 2023 году ўжо прысудзілі два гады пазбаўлення волі паволе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.
У чым гэтым разам абвінавачваюць мужчыну — невядома. Справу разглядае суддзя Сяргей Кармановіч.