"У руках была незарэгістраваная сімволіка бчб-колера". 1,5 года "хатняй хіміі" за акцыю пратэсту
У судзе Савецкага раёну Мінска 24 кастрычніка 2023 года асудзілі Міхаіла Антонава паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзелу іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў Міхаілу адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён прызнаў віну часткова. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Міхаіл не адмаўляў удзел у акцыі і дапусціў, што мог сваімі дзеяннямі блакаваць дарогу. Але заявіў, што папярэдне ўдзел у Маршы не планаваў. Першапачаткова ён прыехаў на месца правядзення пратэснай акцыі для асабістай сустрэчы, пасля чаго далучыўся да мітынгу. Мінчука да суда вызвалілі пад залог памерам 7400 рублёў.
Міхаіла апазналі па 11 фотаздымках з акцыі пратэсту, якія ён пераслаў у Viber. На іх мужчына знаходзіцца на праезнай частцы апрануты ў карычневыя штаны і бела-шэрую кашулю. А ў руках трымае бел-чырвона-белы сцяг.
Міхаіл Антонаў мае вышэйшую адукацыю, ваеннаабавязаны, мае на ўтрыманні непоўнагадовае дзіця.