Барысаўскага фатографа асудзілі да трох гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд 30 студзеня прызначыў тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму фатографу з Барысава Аляксандру Зянкову. Суддзя Жанна Брысіна абвінаваціла яго паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага Кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Паводле яго сукамерніка з ІЧУ на Акрэсціна, абвінавачванне Аляксандра тычыцца ягоных відэаздымак, размешчаных на "экстрэмісцкім" інтэрнэт-рэсурсе.
Фатографа Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года пасля ператрусу ў яго доме ў Барысаве. Мужчыну змясцілі пад варту.
Былы сукамернік Аляксандра Зянкова, з якім яны разам апынуліся ў ІЧУ на Акрэсціна, распавёў "БАЖ":
"У камеры, разлічанай на двух чалавек, нас было значна болей, ад 8 да 10 у розныя дні. Прыкмет збіцця — гематом або драпін — на ім, здаецца, не было. Аляксандр быў спакойны, распавядаў, што свае віны ні ў чым не прызнае, што ў яго патрабавалі пароль ад тэлефона, але ён адмовіўся яго назваць. Адмовіўся таксама і ад паслуг дзяржаўнага адваката. Прыблізна на 5-6 дзень яго забралі на допыт да следчага, і вярнуўся ён толькі праз пяць гадзін. Вярнуўшыся, распавёў, што яму інкрымінуюць крымінальны артыкул за "спрыянне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання", і што абвінавачанне тычыцца ягоных відэаздымак, паказаных на "экстрэмісцкім" інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў абсталяванні, якое забралі з дома, бо сам ён нічога следчым прынцыпова не распавядаў".
Падтрымайце Аляксандра: СІЗА №1,220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандр Аляксандравіч Зянкоў