Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
23 студзеня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі дзеля ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, што крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Ксенія Ходырава ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
- Віталь Максімчук утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-1 КК па абвінавачванні ў арганізацыі экстрэмісцкага фармавання – адміністраванне пратэснага тэлеграм-чата;
- Галіна Краснянская асуджаная паводле ч. 2 арт. 361-3 КК паводле абвінавачвання ў фінансаванні вярбоўкі, навучання, іншай падрыхтоўкі альбо выкарыстання грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях – за ахвяраванні беларускім вайсковым фармаванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі, да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Ірына Бандарэнка ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
- Надзея Каранкевіч утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
- Аляксандр Зянкоў утрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ва ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне за супрацоўніцтва з суб'ектам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкім фармаваннем;
- Аляксандр Бойка ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары па арт.361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за перасылку відэа пратэснай тэлеграм-групе; абвешчанай уладамі экстрэмісцкім фармаваннем.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Ксенію Ходыраву, Віталя Максімчука, Галіну Краснянскую, Ірыну Бандарэнку, Надзею Каранкевіч, Аляксандра Зянкова, Аляксандра Бойку;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.