viasna on patreon

Супрацоўніка мытні асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы адзінства

2024 2024-01-18T17:17:43+0300 2024-01-18T17:53:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitalii-pupin_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 21 снежня 2023 года асудзілі Віталя Пупіна паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла супрацоўніку мытні два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Віталь Пупін. Фота: з сацсетак Віталя
Віталь Пупін. Фота: з сацсетак Віталя

Жыхара Фаніпаля абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы адзінства шостага верасня 2020 года і ў выхадзе на праезную частку. Яго ўтрымлівалі пад вартай з трэцяга лістапада 2023 года. Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну вызвалілі ў залі суда. Мужчына цалкам прызнаў віну.

Асноўнымі доказамі па справе з'яўляюцца фотаздымак з Марша, даныя мабільнага аператара аб знаходжанні абаненскага нумара і паказанні Віталя. Падчас вобшуку дома ў супрацоўніка мытні вынялі майку фіялетавага колеру, у якой яго апазналі на фотадымку з пратэсту. Пасля прысуду майку вярнулі. 

Віталь скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у судовай пастанове пазначана, што на момант вынясення прысуду мужчына працуе начальнікам сектара мытнага дэкларавання ў таварыстве з дадатковай адказнасцю. Мае на ўтрыманні непоўнагадовую дачку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства