viasna on patreon

Мужчыну асудзілі нібыта за абразу Лукашэнкі падчас візіту да яго ў кватэру судовых выканаўцаў

2024 2024-01-18T16:25:49+0300 2024-01-18T16:26:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/savecki-sud-minsk-3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сталі вядомыя падрабязнасці пра суд, які адбыўся яшчэ трэцяга кастрычніка 2023 году ў судзе Савецкага раёну Мінска. Мікалая Самахвала прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі").

Прысуд агучыў Аляксандр Воўк.

Згодна з версіяй абвінавачання, Мікалай Самахвал выказаў непрыстойны каментар у бок Лукашэнкі ў прысутнасці жонкі і судовых выканаўцаў, якія зайшлі да іх у кватэру задаць пытанні пра суседзяў. Выказванне нібыта было ненарматыўным і зневажала гонар і годнасць Лукашэнкі, а таксама негатыўна ацэньвала яго.

Мікалай Васільевіч не прызнаў віну на судзе. Ён сказаў, што быў дома з жонкай, калі прыйшлі дзве дзяўчыны ў форменным абмундзіраванні, каб запытацца пра суседзяў. Калі яны сыходзілі, ён праз эмоцыі сказаў фразу, пазначаную ў высновах эксперта, але ніякім чынам не адносіў яе да Лукашэнкі — яна датычылася таго, што трэба мяняць сістэму агулам. Бок абвінавачання адзначыў, што падчас дасудовай вытворчасці Самахвал прызнаваў, што фраза гучала ў бок Лукашэнкі. Яна была запісаная на відэарэгістратар судовых выканаўцаў і палегла ў аснову абвінавачанняў. 

Акрамя гэтага, на судзе выступіла адна з судовых выканаўцаў. Яна распавяла, што ў той дзень Мікалай паводзіў сябе спакойна, але чамусьці вымавіў гэтую фразу, калі яны пачалі сыходзіць. У пісьмовых доказах справы таксама знаходзіцца дакладная запіска другой судовай выканаўцы, у якой яна паведаміла пра "публічную знявагу" Лукашэнкі.

Варта заўважыць, што эксперт не змог выявіць, ці з'яўляецца аб'ектам негатыўнай ацэнкі менавіта Лукашэнка, бо гэта нельга зрабіць лінгвістычнымі метадамі.

Таксама вядома, што пэўны час Мікалай Васільевіч знаходзіўся ў псіхіятрычным стацыянары. Паколькі гэтыя дні залічылі ў тэрмін адбыцця пакарання, хутчэй за ўсё гэта звязана з экспертызамі, якія праводзіліся ў сувязі з абвінавачаннем мужчыны ў абразе Лукашэнкі. Пры вынясенні прысуду ўлічваліся ягоныя ўзрост і стан здароўя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства