Жорсткі "хапун" у Драгічыне, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 18 студзеня Дапоўнена
У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ чатырох беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ чатырох чалавек.
Сярод іх 37-гадовы Віталь Коршун, 44-гадовы Аляксандр Пелеш, 50-гадовы Віктар Баркет, 35-гадовы Дзмітрый Гут.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1163 чалавекі, з іх 404 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1172 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Прысуд музыкам TOR BAND пакінулі без зменаў. Хутка іх перавядуць у калоніі
Вярхоўны суд 5 студзеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта «Tor Band», чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення. Пра гэта паведамілі ў сюжэце па "Беларусь 4".
Нагадаем, у Гомелі ў кастрычніку агучылі па справе гурта «Tor Band»: Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім узмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса
Падтрымайце музыкаў: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Яўген Валер'евіч Бурло, Дзмітрый Валер'евіч Галавач, Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык
ГУБАЗіК затрымаў беларуса, які падчас пратэстаў даў інтэрв'ю каналу Навальнага
На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах і супраціве міліцыянтам.
Затрыманыага завуць Ягор Клімовіч.
У Драгічыне затрыманы 6 чалавек — адзін з іх трапіў у рэанімацыю
Па інфармацыі "Берасцейскай вясны, 16 студзеня ў горадзе Драгічыне і в. Сварынь былі жорстка затрыманы мінімум шасцёра мужчын. Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стаў нібыта пошук зброі. Вобшукі праходзілі брутальна: зрывалася падлога і навясныя столі ў дамах, выбіваліся вокны ў машынах.
Паводле крыніцы, адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі ды сыходзіўся крывёю. Пазней яго даставілі ў рэанімацыю. Які далейшы лёс мужчыны, нам невядома.
Паводле суразмоўцаў, мужчын аб'ядноўвае тое, што яны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнэсам»). Памеры іх абароту сур'ёзныя, бізнэс пераходзіў людзям яшчэ ад бацькоў. І КДБ нібыта магло захацець падпарадкаваць сабе гэтую дзейнасць.
Па стане на ўчора, мінімум 1 з затрыманых ужо быў вызвалены.
BYSOL, "Bulbamovie", "Смаленская Рэспублiка" — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У "экстрэмісцкія" матэрыялы патрапілі таксама:
Telegram-каналы і чаты «Смоленская Республика (Смаленская Рэспублiка)», «Дом Творцаў», «МЫ НЕ ХОЛОПЫ», «Чат канала Мировые Конфликты», «Partyzanka ИНФО», «BYSOL: выезд и эвакуация»;
Instagram старонкі «vote.belarus», «bsdpbrest», «Новы канал»;
Facebook старонка «Bulbamovie»;
YouTube-каналы «Першы Рэгiён», «Пра Віцебск/Новости Витебска», «Маяк Беларускі\Навіны рэгіёнаў», «НОВЫ»;
Сайт «bgmedia.sitе»;
Старонка ў «Аднакласніках» «Belarusian truth»;
TikTok-старонкі «History_bel_zxv», «Вольны рух», «Patryjot Biełarusi», «uabnovuslt».
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна
На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», удзеле ў акцыях пратэсту і рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога».