Пенсіянерка, якая пісала лісты. Расказваем пра палітзняволеную Ганну Стражэвіч
Пенсіянерка з Салігорска Ганна Стражэвіч — цяпер палітзняволеная. Яе затрымалі 18 снежня 2023 года. А на волі яна пісала лісты іншым палітвязням. Сярод іх — ужо былая палітзняволеная Яна (імя зменена). Яна распавяла "Вясне", як Ганна падтрымлівала яе лістамі, а цяпер сама мае патрэбу ў гэтым.
Лісты
Ганна Стражэвіч пісала вельмі шмат лістоў палітычным зняволеным.
"Яна глядзела, у каго з палітычных дні нараджэння, і кожнаму чалавеку кожны месяц дасылала віншавальныя паштоўкі", — кажа Яна.
Пра што Ганна распавядала ў сваіх лістах?
"Яна звычайна пісала: "Я была на лецішчы, раблю закаткі", кавалачак прыроды магла апісаць, каб чалавек, які атрымаў ліст, у думках паляцеў у іншае месца. Часта гэта быў звычайны пасыл: "Я пайшла туды, купіла сёння гэта" — гэта значыць нічога такога забароненага", — успамінае Яна.
Сустрэча ўжывую
Пасля вызвалення Яны з СІЗА тая змагла сустрэцца з Ганнай:
"Калі я выйшла, то напісала лісты ўсім, хто мяне падтрымліваў. Пісала словы падзякі і свой нумар тэлефона: "Калі хочаце пагутарыць, то тэлефануйце". Некаторыя пісалі адказы мне, а Ганна выйшла са мной на сувязь. І я прыехала да яе ў Салігорск. Яна накрыла стол. А потым мы пачалі падтрымліваць шчыльна адносіны".
Якая Ганна ў жыцці?
"Па-першае, на пенсіянерку яна не падобная зусім, — кажа Яна. — Вы ведаеце, як кажуць: вочы — гэта адлюстраванне душы. Калі ў цябе вочы маладыя, то не важна, колькі табе гадоў, — ты будзеш выглядаць молада. І вось гэтак жа сама Ганна: яна як дзяўчынка. І такая яна жвавая, энергічная, ёй трэба заўсёды нешта рабіць, каб кожны дзень быў пражыты нездарма. Лісты — гэтая энергетыка прама біла ключом, ёй трэба было, каб дзень быў не пражыты дарма, каб было камусьці дапамагчы. Як быццам у яе была мэта штодзённая, каб дапамагаць кожны дзень — менавіта палітвязням, якія трапілі ў турму. Яна велізарнай душы чалавек".
Чаму лісты важныя?
Яна ўзгадвае пра свае эмоцыі ад лістоў — і не толькі ад Ганны:
"Гэта як глыток свежага паветра. Яны настолькі робяць палітвязням шлях лягчэй, таму што гэта неверагодна магутная падтрымка і салідарнасць: проста ведаць, што пра цябе не забыліся — усё, больш нічога і не трэба. Калі табе пішуць людзі наогул незнаёмыя з цёплымі словамі...
Калі мы былі ў турме, мы жылі толькі гэтымі лістамі. Па сутнасці сваёй лісты для нас — гэта было цалкам усё. Ад родных, ад незнаёмых людзей... Іх прыносілі чатыры разы на тыдзень, і мы іх чакалі. Нават калі праходзілі выходныя, і мы ведалі, што лістоў не будзе, то дні павольна цягнуліся, як быццам час спыніўся. І мы чакалі панядзелка, менавіта дзякуючы гэтаму мы ўвогуле там і жылі, таму што гэта напаўняла наша жыццё нейкім сэнсам. Потым лісты зніклі... Было цяжкавата. Лісты сталі даходзіць рандомна".