У Берасці асудзілі ўрача-уролага за нібыта распаўсюд персанальных дадзеных супрацоўнікаў МУС
Суд Маскоўскага раёна Брэста пятага студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы 30-гадовага Алега Зыкуна. Яго абвінавацілі паводле ч.3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).
Судовы працэс вяла суддзя Марына Скалковіч, дзяржабвінаваўца – Ягор Кронда.
Паводле старонкі ў сацсетцы "Вконтакте", Зыкун скончыў БДМУ (Менскі медуніверсітэт) у 2016 годзе. Жыве і працуе ў Брэсце ўрачом-уролагам абласной бальніцы. Узімку 2023 года затрымліваўся за данаты. Па адміністрацыйнай справе быў затрыманы 25 ліпеня 2023 года, перазатрыманы па крымінальнай справе і змешчаны пад варту 8 верасня 2023 года.
Па версіі абвінавачвання, урач-уролаг абласнога клінічнага шпіталя Алег Зыкун наўмысна і незаконна распаўсюджваў персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў МУС, якія шукаў, як мяркуе следства, з тэлеграм-канала “Nexta”. Потым ён "распаўсюджваў" іх у лакальнай сетцы на працы, што было выяўлена летам 2023 года.
Сам Зыкун да лета 2023 года не падазраваў, што ў яго тэчцы ў лакальнай рабочай сетцы ёсць файл з імёнамі і тэлефонамі супрацоўнікаў МУС. Але гэты спіс знайшлі ў рамках адміністрацыйнай справы ў ліпені пры аглядзе тэхнікі мужчыны.
Паводле інфармацыі “Берасцейскай вясны", 28 ліпеня 2023 года Алегу Зыкуну прысудзілі 12 сутак арышту паводле ч.2 арт.19. 11 КаАП за тое, што ў Youtube быў падпісаны на нейкі канал. У судовым рашэнні сказана, што Зыкун “аформіў падпіску на інфармацыйны канал, якая садзейнічае павышэнню рэйтынгу”, і тым самым “захоўваў з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкія матэрыялы”.
Такім чынам, на судзе Зыкун прызнаў свае дзеянні. Але не прызнаў намеру распаўсюджваць дадзеныя супрацоўнікаў МУС, хаця на гэтым і настойвае прадстаўнік дзяржабвінавачання.
Праваабаронцым пакуль невядомы прысуд, які быў вынесены Алегу Зыкуну, аднак паводле прад’яўленага абвінавачання, мужчыну можа пагражаць да 5 гадоў абмежавання волі, альбо да 5 гадоў пазбаўлення волі са штрафам.
Падтрымайце Алега: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37. Алег Юр’евіч Зыкун.