У Брэсце за абразу Лукашэнкі асудзілі чыгуначніка
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 6 снежня вынесены прысуд палітзняволенаму чыгуначніку Максіму Кронду, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Марына Скалковіч.
Кронду затрымалі 11 верасня 2023 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №7 Брэста.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Максім Кронда 18 верасня 2021 года ў сацыяльнай сетцы Telegram размясціў у “Чат Элехтарата", на які быў падпісаны, паведамленне з абразлівым выказваннем на адрас Лукашэнкі, “усведамляючы, што з гэтым паведамленнем азнаёмяцца іншыя людзі, і гэта прыніжае гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы. Аднак на той момант такому паведамленню не надаў значэння.”
Пры аглядзе мабільнага тэлефона таксама ўстаноўлена, што Кронда быў падпісаны на шэраг дэструктыўных тэлеграм-каналаў.
Суд праходзіў у выяздным пасяджэнні, непасрэдна на тэрыторыі СІЗА.
Суддзя Марына Скалковіч прызначыла Максіму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце палітвязня паштоўкай, лістом, альбо бандэролькай: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Максім Міхайлавіч Кронда.