"Змяшчаў у экстрэмісцкім канале схемы перамяшчэння амапаўцаў у Мінску"
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 22 лістапада вынесены прысуд Ігару Котаву, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Алена Бушава.
Па матэрыялах абвінавачання, Ігар Котаў, напачатку жніўня 2020 года неаднаразова размяшчаў і захоўваў у вольным доступе ў тэлнеграм-групе, прызнанай пазней экстрэмісцкай, тэкставыя паведамленні са схемамі перамяшчэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па тэрыторыі Мінска з мэтай арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны Котаў паведаміў суду, што ў сувязі з перабоямі сувязі, пасля выбараў прэзідэнта, у пачатку жніўня 2020 года, падпісаўся на тэлеграм-групу, якая пасля была прызнаная экстрэмісцкай. У дадзены чат падпісчыкі скідалі розную інфармацыю, у тым ліку і па месцы знаходжання і перамяшчэння супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На той момант вырашыў аналізаваць інфармацыю аб перамяшчэнні супрацоўнікаў АМАПа і скідаць яе ў чат. Інфармацыю адпраўляў у выглядзе схем, дзе паказваў месцазнаходжанне работнікаў АМАПа.
Крымінальная справа Ігара Котава была выдзеленая ў асобную вытворчасць 25 жніўня 2023 года, а сам ён змешчаны пад варту.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Мабільны тэлефон канфіскаваны ў даход дзяржавы.