Заява праваабаронцаў аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
4 снежня 2023 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і пазбаўлення волі ў калоніі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Артура Панчанкі, Іны Багданавай, Руслана Казакевіча, Яўгена Леанкова, Юрыя Хлебаўца, Станіслава Рубашэўскага, па ч. 1 арт. 342 і арт. 367 КК (за паклёп на А. Лукашэнку) Вольгі Жалабковай, па ч. 1 арт. 342 і ч. 3 арт. 243 КК (за ухіленне ад выплаты падаткаў) Аляксандра Каліна, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Далейшыя пратэстныя выступленні мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
Асуджэнне А. Каліна таксама па арт. 243 КК не ўплывае на высновы аб палітычна матываваным пераследзе, бо пазбаўленне волі за парушэнні, звязаныя з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці не з'яўляецца прапарцыйнай мерай; таксама мы ўлічваем непасрэдную сувязь паміж крымінальным пераследам па арт. 243 КК і ўдзелам А. Каліна ў пратэстных выступах.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць Артура Панчанку, Іну Багданаву, Руслана Казакевіча, Яўгена Леанкова, Юрыя Хлебаўца, Станіслава Рубашэўскага, Вольгу Жалабкову, Аляксандра Каліна і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Прававая ініцыятыва;
Human Constanta;
Lawtrend;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.